Первая мировая война в Беларуси. Не “свая” вайна

Да 100-годдзя з пачатку Першай сусветнай вайны ў Беларусі прыводзім публікацыю Андрэя Янушкевіча з рэсурса budzma.by.

Круглы юбілей нарэшце прымусіў і дзяржаву, і грамадства звярнуць большую ўвагу на Першую сусветную вайну. Мінула толькі 100 гадоў, а гэтая падзея стала для нас ужо добра прызабытай і нейкай няўцямнай.

Першая сусветная вайна заўсёды знаходзілася ў цені Другой сусветнай. Здавалася б, і маштабы адпаведныя (упершыню ваяваў увесь свет!), і па Беларусі лінія фронту праходзіла амаль тры гады, за чым хаваліся жахлівыя лічбы смерцяў, бежанцаў і проста паламаных лёсаў. Але нейкая яна была шэрая, нецікавая, прынамсі, так падавалася ў нешматлікіх даследаваннях і апісаннях. У яе не было таго рамантычнага і каларытнага  арэолу, якую прыдбала сабе напалеонаўская кампанія 1812 года. Дзіва дзіўнае – у свядомасці не ўсплывае ніводнага імені героя гэтай вайны, няважна, з якога боку. Адсюль лагічна выцякала адчуванне пэўнай дробнасці падзеі, яе маргінальнасці і не такой ужо значнасці ў разрэзе сусветнай гісторыі.

З Першай сусветнай вайной мы бачым выдатна, як працуе механізм фармавання вобразу гістарычнай падзеі. І гаворка неабавязкова ідзе пра фальшаванне альбо скажэнне – прымяняюцца такія “надзейныя” працы над памяццю, як замоўчванне, выпячванне, перакручванне сэнсу і логікі і інш. Каму гэта выгадна, дзеля чаго так робіцца? Перадусім у палітычных і ідэалагічных інтарэсах тых сіл, што маюць уплыў на грамадскую думку і калектыўную свядомасць.

Для савецкай дзяржавы Першая сусветная вайна была не “сваёй” вайной. Так сталася, што бальшавікі не падтрымалі парыў дзяржаўнага патрыятызму, свядома стаўшы на даволі слізкія маргінальныя пазіцыі. Для іх вайна была заканамернай і вельмі важнай для патрэб сусветнай пралетарскай рэвалюцыі “бойняй імперыялістычных дзяржаў”. Найбуйнейшыя дзяржавы свету біліся за перадзел калоній, уплываў і цэнтраў сілы. Бальшавікі ж на чале з Леніным – заснавальнікам першай дзяржавы савецкага тыпу – разглядалі пажар вайны ў абсалютна іншым, наватарска-нетрадыцыйным вымярэнні, вымярэнні класавай барацьбы. Пакуль буржуазныя гіганты пажыраюць адзін аднаго, расчышчаецца грунт для перамогі пралетарыяту… Менавіта так уяўлялася Першая сусветнай вайна ў планах тых, каму было наканавана ў 1917 г. перавярнуць сусветную гісторыю знізу дагары.

Гэтае бачанне вайны сядзіць у нашых галовах і сёння. Быццам не было ў пачатку вайны ўздыму таго шалёнага ірацыянальнага патрыятызму (ці шавінізму?), які сёння назіраецца ў Расіі. Быццам не было драматычных і жудасных ваенных падзей, дзе прымяняліся першыя танкі і самалёты, хімічная зброя і метады татальнай вайны. Знаходжанне на беларускіх землях агромністых мас вайскоўцаў перабудавала жыццё беларусаў на зусім іншы, экстрэмальны лад. А менавіта ў гэты час разварушвалася беларуская ідэя, і вайна стала грунтам не толькі для ажыццяўлення сацыяльных эксперыментаў, але і імклівага ўзнікнення першых нацыянальных дзяржаў ва Усходняй Еўропе.

Ужо з увагі на гэты факт, Першая сусветная вайна важнейшая ў гістарычным развіцці Беларусі, чым Другая, нягледзячы на ўсю рыторыку “ўсенароднай  барацьбы” супраць фашыстаў. Што дала апошняя вайна Беларусі як дзяржаве? Хіба што сяброўства ў ААН…

Першая сусветная – яскравы прыклад эфекту бумерангу. Перападзел свету адбыўся, але зусім не той, на які разлічвалі ініцыятары вайны. Найбольш дальнабачныя палітыкі цудоўна разумелі і прадбачылі, што вынікі Першай сусветнай вайны нічога насамрэч не вырашылі, і свет чакае новая зацятая вайна… Гэта яшчэ адна тонкая тэма для роздумаў.

Нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне дык зусім вывела гісторыю на новую арбіту. Вайна выступіла каталізатарам гэтых працэсаў, пляцоўкай, без якой такія рэвалюцыйныя змены папросту не адбыліся. І нашая гісторыя тут дае вельмі добры і выразны прыклад, асабліва для працы над палітычнымі памылкамі. Іх зразуменне, не сумняюся, дазволіла б паглядзець і на сённяшнюю сітуацыю вакол Беларусі і яе суседзяў з неабходнага ракурсу і перспектывы.

Кволыя, даволі механічныя спробы адзначыць стогадовы юбілей, на маю думку, не прыводзяць пакуль што да самай важнай ідэі – патрэбе пераасэнсавання Першай сусветнай і ўсіх тых бедаў і карысцяў, стратаў і набыткаў, якія яна з сабою несла. Нават тут, у справе гістарычных стэрэатыпаў, трэба пазбаўляцца камуністычнай спадчыны (калі ты не камуніст), каб паглядзець на гісторыю з уласных, беларускіх пазіцый.

Андрэй Янушкевіч, budzma.by

2803 Всего просмотров 1 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Просмотров: 76

Комментарии:


Return to Top ▲Return to Top ▲ Первая мировая в Беларуси. Не "свая" вайна Return to Top ▲Return to Top ▲