Закон зброі

Massenhinrichtung - Закон зброі (2015)

Беларускі блэк-метал гурт з цяжкай для вымаўлення назвай Massenhinrichtung выдаў альбом “Закон зброі“. Прыемна, што гэта не аднатыпны рэліз, песні якога складаюцца з адзіных бласт-бітаў ды тэкстаў пра сатану. Тут усё даволі сур’ёзна: як па ўзроўні запісу, так і па складзе кампазіцый. І нават тое, што рэліз складаецца толькі з сямі песен не робіць яго мімалётным: тут усяго столькі, колькі мае быць для поўнавартаснай работы.

Дарэчы, першую песню ўвогуле можна лічыць за інтра – трохі выпадае з агульнай стылістычнай канцэпцыі. “Золак па-над Бугам” – інструментальная рэч на клавішных, якая толькі падводзіць нас да непрадказальнай вандроўкі з гуртом Massenhinrichtung. І вельмі хутка разумееш, што гэта запомніцца надоўга. Дарэчы, першы трэк цягнецца на працягу чатырох хвілін. Ну а потым пачынаецца бой – гучыць галоўная рэч альбома, з такой самай назвай. Прыемна, што аднаіменная “Закон зброі” нават і не самая лепшая песня ў параўнанні з астатнімі. Усё самае цікавае толькі наперадзе. Так, у песні  “Завіруха” сапраўдная завіруха. Гітарны рыф спалучаецца з моцным басам ды вакалам, а потым падмацоўваецца хуткім сола ды рэчытатывам.

Ёсць і прыемныя акустычныя ўстаўкі. Адна з іх плаўна перацякае з песні “Зорныя сцежкі балот” у “Зіма беларускіх краёў“. Цікавы і незвычайны прыём, ад якога альбом гучыць яшчэ больш цэласным. І чым далей – тым яшчэ мацней, мілагучней ды цяжэй. Той рэдкі момант сярод беларускіх гуртоў, калі размяшчэнне трэкаў выбрана ідэальна. Але метал-гурты гэтаму аддаюць вялікае значэнне. І альбом “Закон зброі” – яскравы гэтаму прыклад. Хапае меладычных момантаў і ў другіх песнях.

Можа трошкі лепей да такой музыкі падышоў класічны гроўлінг. Але, мабыць, гэта ўжо больш быў бы дэз-метал, чым блэк. Такое меркаванне выказваем таму, што, усё ж, тэксты вельмі цяжка разабраць. Дарэчы ў некаторых момантах ёсць і чысты вакал, на якім, праўда, увага не завастраецца. Але, безумоўна, галоўнае тут, як і ў большасці метал-гуртоў, музыка. І ёй можна ганарыцца.

Верагодна, што гэта адзін з самых лепшых рэлізаў у жанры за адыходзячы год: і размова ідзе не толькі пра блэк, але і ўвесь метал увогуле. Па настроі кружэлка трохі нагадвае альбом Der dritte Krieg (1996) ужо неіснуючага гурта Zygimont Vaza. Толькі тут усё як мага цяжэй і сапраўды па-ваеннаму. Хацелася б знайсці які-небудзь адметны недахоп, але і сапраўды тут цяжка да чаго прычапіцца. Хіба толькі, яшчэ раз адзначым, вакал на альбоме неразборлівы.

 

Песні, на якія варта звярнуць увагу:

Закон зброі, Завіруха, Зіма беларускіх краёў, Заход

4974 Всего просмотров 1 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Просмотров: 28

Комментарии:


Return to Top ▲Return to Top ▲ Massenhinrichtung - Закон зброі. Рэцэнзія