Якая муха забівае мужчын


Белая муха, забойца мужчын

Без жанчын Гісторыя, вялікая Гісторыя, была б раўнейшай, велічнейшай і прастакутнейшай.

«Белая муха, забойца мужчын» Альгерда Бахарэвіча, напэўна, адзін з самых феміністычных твораў беларускай літаратуры. Сюжэт яго з першага погляду даволі просты – група жанчын захоплівае адзін з адрэстаўраваных замкаў Беларусі, разам з усім персаналам і экскурсійнымі групамі, якія ў ім знаходзіліся. І значная частка твора прысвечана менавіта супрацьстаянню мужчын, якія апынуліся ў палоне, і жанчын-тэрарыстак. Жанчыны-палонныя ў разлік аўтарам нават не бяруцца. Мабыць таму, што яны знаходзяцца на іншым баку барыкад.

Кіруе жанчынамі даўняя знаёмая галоўнага героя. Можна сказаць, яго першае каханне. І менавіта ў гэтых абставінах іх пачуцці зноў ажываюць. Але ў гэтым творы ёсць не толькі гісторыя захопу замка ды гісторыя кахання. Шмат у ім і іншых гісторый – і пра з’ехаўшую з глузду ад вычварэнняў карову, і гісторыі гвалту жанчын, і пра спаленую на кастры ў сярэднявечча Ганну, прывіда замка.

Самі героі атрымаліся вельмі разнастайнымі. Ёсць тут Міхаіл Юр’евіч, палкоўнік у адстаўцы, які працуе на замежную ўладу і намагаецца рэалізаваць у Беларусі крымскі сцэнар, ёсць шляхцюк у некалькіх пакаленнях Тадэуш Р-скі, які яму ў гэтым дапамагае, ёсць аўстрыец, які прыехаў у нашую краіну шукаць сабе жонку, а таксама немец, які ездзіць сюды забіваць зуброў і шмат іншых. І ў малым памяшканні, дзе трымаюць палонных, аўтар сабраў стэрэатып беларускага грамадства ў мініятуры. Далей – больш. Ёсць у творы і праэкцыя на адносіны паміж рознымі народамі, калі ў суседні пакой ад беларусаў змяшчаюць турыстаў з Расіі.

Вельмі лёгка заўважыць розніцу паміж рускімі турыстамі і беларускімі. І справа зусім ня ў тым, што адны п’юць гарэлку, а іншыя не. А менавіта ў адносінах адзін да аднаго. Калі беларусы амаль цалкам бачаць у расейцах братоў, сапраўдных мужчын, то расіяне наадварот – ставяцца да беларусаў з падазрэннем, недаверам.

А вобраз Тадэуша Р-скага нагадвае выгляд звычайнага магната Рэчы Паспалітай напрыканцы жыцця дзяржавы. Гэта чалавек, які гатовы радзіму прадаць, толькі б яму было добра.

Яшчэ больш цікавымі падаюцца адносіны аўтара да жанчын. На працягу ўсяго твора ён не аднойчы адмяжоўвае словы “людзі” і “жанчыны”, быццам яны амаль супрацьлеглыя. Але галоўны герой амаль што адразу становіцаа на бок захопніц, называе дні, праведзеныя ў палоне ў замку – самымі шчаслівымі ў сваім жыцці. І падаецца, што справа тут не толькі ў каханні да той самай “Белай мухі”, а ў нечым большым.

Калі паспрабаваць расказаць пра твор толькі адным словам, то гэта “захапляльнасць”. Невядома чаму, але “Белая муха…” хапае з самага пачатку і не адпускае да фінальнай кропкі. Твор атрымаўся дыскусійным і нестандартным. Мала хто з сучасных беларускіх пісьменнікаў можа вось так лёгка падымаць праблему гендэрнай роўнасці ў беларускім грамадстве. Тым больш што значная частка насельніцтва у нас, як мужчыны так і жанчыны, дагэтуль лічаць – месца жанчыны за плітой, а мужчына творыць гісторыю. Далёка нават хадзіць не трэба – дастатковы ўспомніць выказванні асобных кіраўнікоў.

А яшчэ ў творы шмат бруду — прыніжэнне гонару, гвалтаванне, здрада. Твор ратуе рамантычная лінія. І хай яна не зусім звыклая для нас і нагадвае Стакгольмскі сіндром, але менавіта за ёй назіраць найбольш цікава.

5017 Всего просмотров 1 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Комментарии:



Оставить комментарий

Return to Top ▲Return to Top ▲