Віктар Марціновіч: Прысмакі, па якіх сумуеш на чужыне

Ласкай Божай Радзіма дадзеная нам адразу ў некалькіх тыпах адчуванняў, і смак — адзін з іх. Бацькаўшчына — гэта не толькі тыя клятыя бярозкі і пагоркі, не толькі сябры, якія якраз нікуды не знікаюць, бо знаходзяцца ў адным кліку ў Skype, але і тое, што цешыць страўнік, як бы банальна гэта ні гучала. Тыдзень за мяжой — і ты пачынаеш прыгадваць іх, беларускія прадукты, якіх не знойдзеш нідзе ў свеце.

Гэты допіс — ода ім.

1. Агуркі. Усе кажуць пра хлеб. Вось, маўляў, добрая луста чорнага, як глеба, гатунку, з кменам, прысыпаная соллю ці проста намазаная маслам, пачынае мроіцца ўжо на другі тыдзень. Маўляў, нідзе няма такога хлеба, як наш. Але б я не пагадзіўся з хлебафіламі. Ці каштавалі вы хлеб у Парыжы, спадарства? Ці заходзілі ў маленькія пякарні Вільні? Ці чулі той дзівосны водар, якім патыхаюць булкі чорнага ў Вене? Таму не, не веру! Можа, у якой Расіі, дзе сапраўды нашага хлеба не знайсці, і пачнеш уздыхаць па лусце «Барадзінскага», але не ў старой Еўропе.

Як ні дзіўна, тое, што пачынае прыгадвацца даволі хутка, — гэта смак агуркоў. Не, рознай гародніны ў любой краіне да халеры. І нібыта агуркі — рэч вельмі распаўсюджаная. Але толькі праз нейкі час, пачаставаўшы ўсё, зразумеўшы, што беларускія памідоры, да прыкладу, — гэта фэйспалм і сорам, даганяеш, які скарб мы маем і якім не ганарымся. Лустачка вэнджанай шынкі са шклоўскім агурком у прыкуску!

Нашыя агуркі — зусім не тое, што агуркі нават у суседніх краінах, у Польшчы ці Літве. А пра агуркі далёкіх суседзяў, той жа Аўстрыі, і прыгадваць не хочацца! Гэта, проста скажам, не агуркі, а нейкія каўбасы зялёнага колеру — такія яны доўгія і панурыя. Шклоўскі агурок, бадзёры, калючы, сакавіты, трохі салодкі, — гэта гастранамічны сімвал Беларусі, нашая спадчына і нашая таямніца! Шануйма яго!

 

Кефір. На пытанне пра сваю любімую страву варта адказваць пасля таго, як пажывеш нейкі час за мяжой і пазбавішся свайго звычайнага рацыёну — і любімага, і не вельмі. Дык вось, цяпер я дакладна ведаю: мая любімая страва беларускай кухні — смажаная бульба са стаканам кефіру. Бульбу знайсці можна амаль паўсюль, у тым ліку ва Узбекістане, дзе яна каштуе больш за крэветкі. Так-сяк яе можна пасмажыць нават і на пальмавым масле. Але вось з нашым традыцыйным пітвом да гэтай стравы будзе бяда. Не, канечне, можна піць аснову для ёгурту і лічыць, што гэта добрая замена нашаму кефіру. Можна спажываць разведзеную смятану, якую там-сям прадаюць як “sour milk”. Але такога кефіру, што даступны ў любым беларускім гастраноме, не знойдзеш нідзе. А без кефіру што за бульба?

 

Саленні. Ведаеце, з якім выразам еўрапейцы слухаюць, як мы гатуем салёныя агуркі (прабачце, зноўку пра агуркі)? Калі чуюць, што трэба вось напіхаць гародніну ў слоік, заліць салёнай вадой, а потым даць ёй пастаяць год? Не, гэта не жах — тое пачуццё, што добра бачнае на іх твары. Гэта такая адмысловая цікаўнасць, маўляў, блін, людзі робяць яшчэ і такое! Вось прыкладна так беларус слухае, як в’етнамцы робяць свой традыцыйны рыбны соус, які атрымліваецца праз «ферментацыю» (г.зн. выгніванне) рыбы на сонцы.  Не, мы, канечне, не адны такія ў свеце — у туркаў таксама ёсць саленні, напрыклад, любяць яны вытрымліваць у расоле зялёны перац; ёсць свае «закаткі» і ў немцаў з французамі. Але што, скажыце, заменіць беларусу салёны рыжык? Ці салёны ж грузд? Хрусткі фіялетавы грузд, які дастаеш з чорнага расолу. Што заменіць лес, у якім гэты грузд быў падняты? Што заменіць сосны, мох пад нагамі і павуцінне на шчоках? Ні труфель, ні торт «захер», ні ўсе венскія штрудзелі разам узятыя!

 

Марожанае. Так, ёсць у свеце марожанае, смачнейшае за прадукты мінскіх холадакамбінатаў. Так, есць Baskin Robbins — дарагі як халера, але смачны, як пацалунак прынцэсы з дыснэеўскага мульціка. Ёсць Haagen Dazh — ласунак для мільянераў, Dior ад кандытарскай індустрыі. Ёсць, дарэчы, Soprano ў Вільні, якое я асабіста стаўлю вышэй і за Baskin Robbins, і за Haagen Dazh, і са мной пагадзіўся б любы, хто каштаваў тыя дэсерты ў  Soprano, названыя ў гонар знакамітых оперных партый і выканаўцаў. Гэта не марожанае, гэта драма і камедыя смаку, гэта высокае мастацтва, музыка, адлітая ў высокакаларыйных вяршках. Але! У Беларусі ёсць марожанае «Сталічнае», марожанае «Каштан», марожанае «Люкс». Усе яны маюць сціплую форму будаўнічай цэглы, нацягнутай на драўляную палачку. Усе яны шчодра палітыя шакаладам і не маюць ніякіх дадаткаў: толькі шакалад і пламбір. Але як гэта смачна! Якая краса ў гэтай сціпласці! Марожанае «Сталічнае», «Каштан», «Люкс» падобныя да прыгажунь з Крычава, якія ўжо набылі сабе ўрачыстую спадніцу «на выхад» у «Падземным горадзе», але яшчэ не паспелі сапсавацца сталічнымі і іншаземнымі кавалерамі з ”Golden Coffee”.

Калі з’язджаеш, думаеш, што будзеш сумаваць па нейкіх відавочных рэчах. Кшталту дранікаў з «Камяніцы». Ці падліўкі з блінамі з той кавярні на Пцічы. Але праходзіць час, і высвятляецца, што ці то дранікаў ты гэтых пераеў, ці то яны проста не самае галоўнае ў жыцці беларуса. І вось пачынаюць прыгадвацца рэчы, якія ты быццам і замаўляў не так часта, але праз іх анталагічную недаступнасць у далёкім замежжы яны турбуюць і маняць абяцаннем асалоды. Адна з такіх рэчаў — той звычайны супчык, які завецца салянкай. Здавалася б, што ў ім такога, у гэтым варыве з пакрышанымі рознымі гатункамі мяса? Яно не выкшталцонае, яно не арыстакратычнае, за яго нават трохі сорамна. Але ў любым рэстаране «рускай кухні» ў свеце знойдзеш боршч (які насамрэч украінскі) і катлету па-кіеўску, ”Kiiv cutlet”, (якая таксама ўкраінская, як бачна з яе назвы). А вось пра салянку ніхто не чуў, бо шмат якія эмігранты ў Вене ці Парыжы адкрылі свае рэстараны яшчэ ў 1918-1920-х гадах, меню склалася тады ж, а «салянка зборная мясная» была народжаная менавіта савецкай кулінарнай традыцыяй.

Што характэрна, ты прыедзеш на Радзіму, прыбяжыш у якую-небудзь Terra Pizza, замовіш сабе тую «салянку», з унутранымі дрыжыкамі пагрузіш лыжку ў яе, сербанеш, праглынеш, скрывішся, папросіш рахунак і пойдзеш прэч. Поўны думак пра шніцаль, кары вурст ды апфельшоле.

І так, дарэчы, не толькі з ежай!

Віктар Марціновіч, budzma.by

1799 Всего просмотров 1 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Просмотров: 20

Комментарии:


Return to Top ▲Return to Top ▲ Па чым сумуеш на чужыне