“Верабейка” Бартосіка і прэмія Гедройца


Кніга Зміцера Бартосіка “Быў у пана верабейка гаварушчы…” – апошні лаўрэат прэміі імя Ежы Гедройца. І, на жаль, лаўрэат вельмі спрэчны. Чаму, мы раскажам у канцы гэтай рэцэнзіі.

Кніга пачынаецца даволі вялікім уступным словам ад аўтара – ажно на 50 старонак. Бартосік успамінае сваё маленства, маладосць, і як так атрымалася, што ён увогуле выправіўся ў падарожжа па беларускім гарадам, вёскам і мястэчкам. Уступ сапраўды напісаны добра і цікава. Але ён занадта ўжо доўгі для такой кнігі.

Пасля уступу пачынаюцца шматлікія рэпартажы з розных беларскіх мясцін – Глыбокае, Наваградчына, Купіск, Іказнь і іншыя. Кожны рэпартаж гэта, па сутнасці, успаміны жыхароў гэтых мястэчак. Успаміны пра вайну і дарэвалюцыяныя часы, пра немцаў і партызанаў, пра савецкую і сучасную, беларускую, уладу, пра рэпрэсіі і калектывізацыю.

На шчасце, амаль кожны з апытаных аўтарам людзей прытрымліваецца свайго погляду на гісторыю. Аднак ёсць у розных гісторыях і тыя погляды, якія сустракаюцца часцей за ўсё. Напрыклад, часцей за ўсё людзі расказваюць пра добрых немцаў і злых партызан, пра добрых паноў і злых камуністаў, пра жорсткасць калектывізацыі і дрэнную цяперашнюю ўладу. А вось сапраўдных камуністаў (тых, хто нават зараз гатоў памерці за савецкую ўладу), ці прыхільнікаў сённяшняга кіраўніцтва краіны – у кнізе амаль няма. Хаця большасць пенсіянераў (а менавіта яны і сталіся галоўнымі героямі Бартосіка), на наш погляд, галасуюць толькі за Лукашэнку, а савецкія часы ўспамінаюць з задавальненнем.

Кніга пакідае пасля сябе добрае ўражанне. Сапраўды, сучасная гісторыя, якую вывучаюць у школе – гэта цалкам ідэалагічная дысцыпліна. Дзеці сёння вывучаюць не праўду, а тое, што па разуменні ўлады, павінна быць праўдай. У падручніках вельмі мала інфармацыі пра той жа Слуцкі збройны чын, савецкія рэпрэсіі ці “крывавы патоп” 17 стагоддзя. І таму больш каштоўнымі становяцца ўспаміны сапраўдных людзей, якія расказваюць усё так, як было. Што тычыцца ангажаванасці апытаных – то гэта застаецца на сумленні аўтара.

Цяпер вернемся да пытання, з якога мы пачыналі – чаму кніга Бартосіка не вартая прэміі Гедройца. Уся справа ў тым, што паводле правіл у прэміі могуць удзельнічаць толькі мастацкія кнігі, а таксама кнігі эсэ. Дык вось, кніга Бартосіка – гэта не мастацкая і не эсэістычная літаратура. Гэта самы звычайны нон-фікшн. Доказаў тут асабліва шмат не трэба, дастаткова паглядзець вызначэнне гэтых словаў.

Эсэ – літаратурны жанр, кароткі ці сярэдняга аб’ёму сінтэтычны празаічны твор, свабодная развага аўтара на навуковую, палітычную, літаратурную ці іншыя тэмы. Дакументальная проза (нон-фікшн) – літаратурны жанр, для якога характэрна пабудова сюжэтнай лініі выключна на рэальных падзеях, з рэдкімі ўключэннямі мастацкай выдумкі.

І “Быў у пана верабейка гаварушчы…” гэта сапраўды дакументальная проза, ці, калі казаць дакладней – зборнік рэпартажаў з розных куткоў Беларусі, успаміны сапраўдных людзей пра мінулае.У кнізе ёсць развагі аўтара, але яны граюць другаснае значэнне.

І такое парушэнне правіл вельмі дрэнна адбіваецца на рэпутацыі ўсёй прэміі і іншых яе лаўрэатах. І вельмі цікава, як тое ж журы магло прапусціць такую спрэчную з пункту гледжання правіл прэміі кнігу. І больш за тое – аддаць ёй перавагу.

383 Всего просмотров 1 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Просмотров: 4

Комментарии:



Оставить комментарий

Return to Top ▲Return to Top ▲