У пошуках беларускага Іерусаліма


Беларусалім Севярынец

Любы аўтар укладае ў творы свае погляды на свет і жыццё. Нехта, асабліва тыя пісьменнікі, якія пішуць сатырычныя ці вострапалітычныя мастацкія творы, робяць гэта больш дакучліва. Творы іншых, наадварот, выглядаюць цалкам аб’ектыўнымі (але гэта не так). Дык вось, раман Паўла Севярынца “Беларусалім” належыць да першай катэгорыі. І калі вы ведаеце палітычныя і жыццёвыя погляды аўтара, то прыкладна можаце зразумець і ідэю яго рамана.

Пачаць хочацца з аб’ёму твора. “Беларусалім” атрымаўся сапраўды вялікім, што не характэрна для сучаснай беларускай літаратуры. З апошняга ўспамінаюцца толькі “Сабакі Эўропы” Бахарэвіча. Вялікі памер рамана можа быць як плюсам, так і мінусам для твора, усё залежыць ад зместу. Пра што аўтар расказвае на гэтых 800 старонках, чаго там больш – разважанняў і апісанняў, ці дзеянняў? У гэтым сэнсе кніга Севярынца атрымалася рознабаковай. Першыя старонак 400 проста вельмі дынамічныя і насычаны рознымі падзеямі. Тут вам і пагоні, і лёсавыя рашэнні герояў, і знаёмства з самімі галоўнымі героямі твора. Менавіта таму першая палова “Беларусаліма” прачытваецца вельмі хутка.

А вось пра астатнія 400 старонак гэтага сказаць нельга. Калі не ўлічваць канчатак раману, то ў творы амаль нічога не адбываецца. Героі блукаюць па гарадах і краіне, сустракаюцца з іншымі людзьмі, гутараць, зноў блукаюць… Ні гэтыя сустрэчы, ні новыя персанажы ніякай значнай ролі ў сюжэце кнігі не згуляюць. Больш за тое, яны амаль ніяк не паўплываюць на саміх герояў, якія пасля першай паловы кнігі застаюцца амаль нязменнымі. Гэтая частка проста запоўнена разважаннямі пра лёс краіны, пра ўчынкі людзей і, вядома ж, пра бога. Ёсць тут і цікавыя думкі, і цікавыя моманты, але чытаць адны развагі больш за 100 старонак надакучвае.

Такім чынам атрымоўваецца, што ў першай частцы кнігі Севярынец проста знаёміў нас з галоўнымі героямі і тымі абставінамі, у якіх яны апынуліся, а другую прысвяціў таму, каб распавесці чытачам пра свае погляды на свет, Беларусь і беларусаў, рэлігію.

Яшчэ крыху пра фінальную частку рамана, якая адбываецца ў Полацку. Аўтар вырашыў паказаць адну і тую ж гісторыю вачамі розных сваіх герояў. Ідэя добрая, але калі ты чатыры разы перачытваеш адзін і той жа абзац праз 20-30 старонак, гэта дрэнна. Чытач не дурань, і сам можа зразумець, у які момант адбываюцца тыя альбо іншыя падзеі.

Па выніку – раман добра напісаны, яго даволі лёгка чытаць, а таму, нават нягледзячы на аб’ём, “праглынуць” яго можна даволі хутка. Але старонак у ім сапраўды зашмат. Як і падзей, якія ні на што не паўплываюць.

Рэлігіёзны бок “Беларусаліма” каментаваць не хочацца. Бо лезці ў веру іншага чалавека – гэта тое ж самае, што лезці ў яго асабістае жыццё. І хай Павел транслюе свае погляды праз раман, каментаваць іх мы не будзем. Акрамя аднаго моманту.

Вельмі добра аўтар паказаў як супрацоўнічаюць у барацьбе са злом хрысціяне розных канфесій. Яны не спрачаюцца пра тое, чые традыцыі больш слушныя, як трэба хрысціцца і ці патрэбны ў царкве святыя абразы. У рамане яны проста вераць у бога, і гэта аб’ядноўвае іх разам. Бо ўсё астатняе – гэта дробязь. Каталікі, праваслаўныя, баптысты, нават адвентысты сёмага дня – усе змагаюцца са злом. Але аўтар не гаворыць ні пра адну з іншых канфесій. Ні пра мусульман, ні пра габрэяў. Мабыць, Севярынец зрабіў гэта наўмысна. І гэта пры тым, што шмат год усе канфесіі на Беларусі суіснавалі разам. А калі б у кнізе мусульмане аб’ядноўваліся з габрэямі і хрысціянамі супраць агульнага зла, сама ідэалогія рамана атрымалася б зусім іншай.

Цяпер пра логіку. Тут усё незразумела. Пачнем з чорнага колеру. Кампанія, у якой раней працаваў галоўны герой Андрэй Белазор, і якая з’яўляецца галоўным злом у кнізе, мае лагатып у выглядзе чорнага квадрата. Дык вось, асноўнае зло, якое інкрымінуецца гэтай кампаніі, гэта менавіта лагатып. Чорны – гэта колер зла. І ўсё. Так, у кнізе ёсць згадкі пра нейкія эксперыменты на людзях у падвалах, пра сачэнне за рознымі людзьмі, пра карупцыю, пра навуковыя распрацоўкі, якія дазволяць чалавеку кантраляваць свае эмоцыі і пачуцці… Але гэта толькі згадкі. І героі часцей за ўсё гавораць прыблізна наступнае: “Чорны квадрат – гэта зло, таму што ён чорны. А ўсё, што чорнае – зло”.

І калі іншыя людзі абураюцца на іх – чаму вы супраць “Чорнага квадрата”, чаму вы робіце пагромы, то яны проста маўчаць. Больш за тое, нават чытач не здолее адказаць нічога, акрамя нейкіх там згадак і пра чорны колер. А таму ў іншы момант нават пачынаеш пагаджацца не з галоўнымі героямі, а з іх ворагамі.

Далей. У першай частцы кнігі героі заўсёды знаходзяцца толькі на адзін крок наперадзе ад пераследавальнікаў. Больш за тое, было некалькі момантаў, калі іх амаль за руку не хапалі. А потым гэта раптам скончылася. Героі жывуць амаль у цэнтры горада, адзі з іх валацугай ходзіць па вуліцах і начуе на вакзалах, другі некалькі разоў ездзіць па чыгунцы і ходзіць у цэрквы і манастыры. І іх ніхто не пазнае. Найбольш абсурднай сітуацыя робіцца, калі да аднаго з герояў падсаджваецца міліцыянер і не пазнае чалавека, якога шукае ўся краіна. Мабыць, з-за барады?

І такіх лагічных памылак у тэксце вельмі шмат. Напрыклад, чытачу так і застаецца незразумелым, як гэта кампанія-зла зрабілася наймагутнейшым падаткаплацельшчыкам Беларусі, які за год зарабляе 6 мільярдаў (відавочна – даляраў). Нават Wargaming ці EPAM, якія працуюць па ўсім свеце, не маюць такіх грошай. Дык чым жа яна займаецца, адкуль бярэ грошы? Наогул, як можна ў Беларусі зарабіць столькі? А аўтар пра гэта маль не гаворыць, толькі крыху – тэлеканал, навука, PR і іншае. Ці, напрыклад, праэкт па стварэнні з Полацка турыстычнай Меккі. На погляд аўтара, дзеля гэтага дастаткова зрабіць некалькі атракцыёнаў, адчыніць вялікі сэкс-шоп і кніжны магазін.

Лепш пра ўсіх пра раман напісаў у сваёй рэцэнзіі на “Беларусалім” Антон Лявіцкі: “Выбіраючы паміж партыяй і «лесам», Севярынец аддаў перавагу партыі”. “Беларусалім” – гэта погляд на свет вачамі аўтара. У кнізе няма шэрага, ёсць толькі чорнае ды белае. А ў жыцці так ніколі не бывае. І калі дзяліць увесь свет толькі на два бакі, то хутка зробішся фанатыкам.

На вокладцы кнігі напісана, што гэта толькі першая частка рамана. Але аўтар ствараў яе ажно 12 год. Таму невядома, ці хутка трэба чакаць другую частку. Ды й ці трэба яе чакаць наогул.

411 Всего просмотров 2 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Просмотров: 135

Комментарии:



Оставить комментарий

Return to Top ▲Return to Top ▲