ТОП-5 самых прадаваных кніг лютага ў краме kniharnia.by


Люты быў багаты на кніжныя падзеі. У Мінску адбыўся кніжны кірмаш, у якім  kniharnia.by прымала ўдзел. У гэтым месяцы на паліцах з’явілася “Сядзіба» – чацвёрты раман Алеся Аркуша, які адразу стаў адным з лідараў продажаў. Таксама на паперы выйшала адна з самых прадаваных электронных кніг – “1813” Ул. Садоўскага, якая не сыходзіць з нашага топа чацвёрты месяц.

1. Уладзімір Садоўскі «1813»

Уладзімір Садоўскі «1813»

Чацвёрты месяц у ТОПе запар

Першы зомбі-хорар па-беларуску!

Дзеянне навэлы «1813» адбываецца ў 1813 годзе ў апошнія дні зімы. У разбуранае Вялікай вайной мястэчка на ўскрайку Мінскай губерні наведваецца госць са сталіцы. Міхал Клеафас Агінскі — дыпламат, кампазітар, а зараз сенатар Расійскай Імперыі — прыязджае пагасціць да свайго дзядзькі ў фамільны замак ля Маладэчна. З надыходам адлігі ў наваколлях мястэчка пачынаюць адбывацца незразумелыя рэчы: забітыя жаўнеры паўстаюць з поля мінулай бітвы і нападаюць на жыхароў паселішча. Хутка замак Агінскіх апынаецца ў аблозе хадзячых мерцвякоў. Міхалу Клеафасу не застаецца нічога іншага, як зноў узяць у рукі зброю і змагацца за свабоду роднага края. Толькі гэтым разам ворагам будуць не жывыя людзі, а паўсталыя пачвары.

У кнізе таксама змешчаны ў якасці бонуса пяць новых апавяданняў Уладзіміра Садоўскага.

Наша рэцэнзія на кнігу

Набыць кнігу «1813» Уладзіміра Садоўскага

 

2. Дванаццаць актаў. Зборнік беларускай эратычнай прозы

Дванаццаць актаў. Зборнік беларускай эратычнай прозы

Другі месяц у ТОПе запар

У класічным беларускім пісьменстве заўсёды было зашмат ідэй, патрыятызму і паэзіі чыстае красы, але катастрафічна бракавала фізічнага цела. Традыцыйныя героі беларускай літаратуры заўсёды выглядалі нібы сатканымі з кветкавага пылку, але амаль паўбаўленымі мяса, крыві, касцей, а таксама натуральных фізіялагічных жаданняў.

Вы можаце ўявіць эрагенныя зоны Ядвісі з коласаўскіх “На ростаннях”? А мінет ці кунілінгус меліжаўскіх Васіля Дзятліка і Ганны Чарнушкі? Быкаўскае “Дажыць да світанку” выклікае у вас адно мілітарныя асацыяцыі, але не думкі пра жарсць, якая знясільвае ненажэрных каханкаў?

Законы прыроды адназначныя, і для прыгожага пісьменства таксама: песцік вымагае тычынкі, Інь – Янь, і без гэтага немажлівае натуральнае апладненне. Калі ў літаратуры нарэшце з’яўляецца фізічнае цела – яе прыўкрасная душа цяжарыць, дэкаратыўныя кветкі саступаюць месца завязі, а краскі на галінках неўзабавеабарочваюцца пладамі.

Набыць кнігу «Дванаццаць актаў»

 

3. Алесь Аркуш «Сядзіба»

Алесь Аркуш «Сядзіба»

 

чацьверты раман Алеся Аркуша. Нічога не зьнікае ў невараць, кажа аўтар у сваім новым творы, усё недзе існуе ў паралельным сьвеце. На полацкай сядзібе адбываюцца дзіўныя здарэньні. Мэтафізычнае жыцьцё ценяў і прывідаў пранікае ў рэальны сьвет.

Набыць кнігу «Сядзіба»

 

4. Кухмістр Верашчака “Літвінская кухня”

Кухмістр Верашчака “Літвінская кухня”

Шосты месяц у ТОПе запар

Гэтая ўнікальная кніга складаецца з баек, напісаных добра вядомым Кухмістрам Верашчакам для «Нашай Нівы» і «Звязды» цягам апошняга дзесяцігоддзя. Блізкае знаёмства з «Кухаркай Літоўскай», кулінарнымі рэаліямі паэмы «Пан Тадэвуш», мемуарамі Леона Патоцкага, Яна Булгака, Мельхіёра Ваньковіча, Міхала Паўлікоўскага і многімі іншымі тэкстамі ХІХ – першай паловы ХХ ст. стварае досыць арганічную карціну кухні, якую сёння ўсё часцей называюць «літвінскай». Гэта шляхецкая і мяшчанская кухня былога ВКЛ, у нейкай ступені таксама – заможнага сялянства.

Наша рэцэнзія на кнігу

Набыць «Літвінскую кухню» ад Кухмістра Верашчакі

 

5. Зянон Пазняк «Палын-палын»

Пазняк Палын-Палын

Трэці месяц у ТОПе запар

Дзеяньне рамана пачынаецца ў 30-х гадах на Віленшчыне і працягваецца ў 40-х — 60-х гадах мінулага стагоддзя ў БССР. Гэта расповяд пра лёсы, каханьне і справы беларусаў, што жылі пад саветамі. Паказана акупацыйная рэчаіснасьць савецкага рэжыму, яго норавы і парадкі. У цэнтры сюжэта людзі, якія шанавалі сваю годнасьць і Бацькаўшчыну і змагаліся за яе волю і адраджэньне.

Набыць «Палын-палын» Зянона Пазняка

1240 Всего просмотров 6 Просмотров сегодня

Комментарии:



Оставить комментарий

Return to Top ▲Return to Top ▲