Сяргей Шапран “Беларускі гістарычны анекдот” – рэцэнзія

Сяргей Шапран Беларускі гістарычны анекдот

Яшчэ больш рэцэнзій і навін пра беларускую літаратуру чытайце:

   

Не ведаю, як вы, а я вельмі люблю вясёлыя і дасціпныя гісторыі з жыцця беларускіх пісьменнікаў. Часцей за ўсё такія трапляюцца пра Караткевіча і Барадуліна (у кнізе таксама шмат пра іх), бо гэтая парачка — яшчэ тыя жартаўнікі. Сяргей Шапран прарабіў вялізную працу: за 15 гадоў сабраў пад адной вокладкай цікавыя, кур’ёзныя, анекдатычныя сітуацыі з жыцця вядомых беларускіх (і не толькі) асоб (пісьменнікаў, мастакоў, палітыкаў і г.д.).

Вельмі не люблю звычайныя анекдоты, не ведаю ніводнага і цярпець не магу, калі нехта кажа “гэта як у тым анекдоце” або прапаноўвае расказаць анекдот (выбачаю такія рэчы толькі людзям старэйшым за маіх бацькоў. Але ж гістарычны анекдот — рэч нашмат больш цікавая. Многія тэксты ў кнізе памерам у некалькі разоў перавышаюць звычайны анекдот, але чытаюцца на адным дыханні. Няхай і сапраўднасць некаторых гісторый выклікае сумненне, а ўсе ўдзельнікі пэўнай падзеі расказваюць пра яе па-рознаму, каштоўнасць гэтай кнігі не змяншаецца. Бо гісторыя (не ў глабальныя плане, а як апавяданне) мае столькі жыццяў, колькі разоў яна паўтораная. З цягам часу, як кажуць, адгадоўвае бараду, але не становіцца менш цікавай.

Вось такія кнігі варта даваць чытаць школьнікам, каб яны нарэшце ўбачылі, што беларуская літаратура жывая, а пісьменнікі — гэта не чорна-белыя дзядзькі з падручніка, якім можна падмаляваць гітлераўскія вусікі. Тут Барадулін адключае тэлефон, бо баіцца, што яго праслухоўваюць, а Быкаў дае Барадуліну тэлеграму, каб той уключыў тэлефон. Тут Алексіевіч смела парыруе Гарбачову, а Скобла падлічыў, што беларуская літаратура столькі не праіснавала яшчэ, колькі ў турме прасядзела.

Гэта кніга, якую можна ў любы момант разгарнуць на любой старонцы, прачытаць колькі замалёвак і ад душы пасмяяцца, а потым адкласці яе, каб вярнуцца зноў у сумную хвіліну. Кніга кішэннага фармату якраз разлічана на такое лёгкае чытанне. Перад сном, напрыклад, прачытайце колькі гісторыек, і спацца будзе лепш, калі ў сне Мележ будзе стаяць каля машыны, а жонка напампоўваць колы, бо яна раманаў не піша.

Дарэчы, у афармленні вокладкі выкарыстаны шаржы беларускага мастака Кастуся Куксо (ці шмат каго пазнаеце ў шаржах?) Дзякуй Сяргею Шапрану, што не даў гэтым гісторыям сысці ў нябыт, а падарыў ім шмат жыццяў, якія будуць працягвацца, пакуль кнігу будуць чытаць.

5 из 5

Bookvajed

300 Всего просмотров 10 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Просмотров: 98

Комментарии:


Return to Top ▲Return to Top ▲ Сяргей Шапран "Беларускі гістарычны анекдот" - рэцэнзія