Што рабіць у красавіку: Песняры, Акудовіч ды Прастытутка


На жаль, сёння беларусы вельмі мала ўвагі звяртаюць на ўсё беларускае. Мы амаль не чытаем беларускіх кніг, не слухаем беларускую музыку і не глядзім беларускае кіно. І заўсёды апраўдваемся — няма часу ці магчымасці. Але і сапраўды, бывае што вельмі цяжка знайсці нават некалькі вольных хвілін. Таму мы прапануем наступны варыянт: прачытаць за месяц адну кнігу, паглядзець адзін фільм і паслухаць адзін беларускі альбом. Пагадзіцеся, зрабіць гэта зусім не цяжка. Нават чытаючы толькі 30 хвілін у дзень, можна за месяц прачытаць даволі аб’ёмныя кнігі. Што ўжо казаць пра фільмы ці музыку.

А калі не ведаеце, што ж з вялікай колькасці нашай творчай спадчыны абраць, мы прапануем свае варыянты. А вы ўжо самі думайце — карыстацца імі, ці не.

Што пачытаць

Твор Валянціна Акудовіча пра беларускую нацыю — «Код адсутнасці»

Хто мы такія (беларусы)? Адкуль з’явіліся і куды ідзем? Чаму мы не расейцы, а расейцы не мы? Колькі нам год, як нацыі? І чаму сёння намі кіруе А.Г.Лукашэнка а не нехта іншы? Валянцін Акудовіч дае адказы на ўсе гэтыя пытанні. Нездарма сёння ён лічыцца адным з самых значных беларускіх філосафаў сучаснасці. Ніхто да яго яшчэ не намагаўся ўзняць настолькі глабальныя пытанні ў дачыненні да беларускай нацыі. У яго кнізе няма аптымізму ці песімізму – яна прасякнута жорсткім рэалізмам і смуткам. Смуткам, бо Беларусь ніколі не была і ўжо не будзе сапраўды беларускай.

“Код адсутнасці” абавязкова трэба прачытаць кожнаму беларусу. Бо гэта, бадай, адна з нешматлікіх кніг, якая можа змяніць наша ўяўленне пра саміх сябе.

Кардынальная розніца паміж Пазняком і Лукашэнкам палягала на тым, што Пазняк абяцаў беларусам тое, чаго яны ніколі яшчэ не мелі, а Лукашэнка хваліўся вярнуць тое, што яны ўжо мелі і што ў насталым бязладдзі выдавала на сапраўднае шчасце. Натуральна, абачлівыя да цацанак-абяцанак беларусы ўхапіліся за сініцу і абралі Аляксандра Лукашэнку на ўладу.

 

Што паслухаць

Першы альбом гурта «Песняры» — «Песняры І»

Уклад гурта “Песняры” і асабіста Уладзіміра Мулявіна ў беларускую культуру вельмі цяжка пераацаніць. “Песняры” не проста сталі першым усебеларуска любімым ансамблем, але і прынеслі беларускую музыку ва ўсе краіны Савецкага Саюзу. Гурт быў створаны ў 1969 годзе пад назвай “Лявоны”. А свой першы студыйны альбом выпусціў у 1971 годзе. Ён уключаў у сябе 9 песняў. А ўжо ў 1972 годзе ў амерыканскім часопісе Billboard з’явілася інфармацыя, што было прададзена больш за 3 мільёны кружэлак.

У першы альбом увайшлі такія хіты гурта, як “Касіў Ясь канюшыну”, «Ты мне вясною прыснілася», «Александрына» ды іншыя.

 

Што паглядзець

Першы беларускі фільм «Проститутка»

Лічыцца, што першы беларускі фільм – гэта “Лясная быль” Тарыча, знятая па аповесці Міхася Чарота “Свінапас”. Але насамрэч, гэта не зусім так. Першай стала кінастужка “Проститутка» Алега Фрэліха. Верагодна, менавіта з-за назвы яе вырашылі лічыць другім беларускім фільмам.

Дзея фільма адбываецца ў часы НЭПа. Дзяўчына Люба жыве ў сваёй цётцы Варвары. Але тая хутка выганяе яе з дому, і дзяўчына вымушана пачаць гандляваць сабою, каб выжыць. Такая вось цікавая завязка ў гэтага фільма.

А яшчэ вельмі нечакана, што першае беларускае кіно прысвечана такой незвычайнай тэме, як прастытуцыя. У 1937 годзе, між іншым, “Прастытутка” ўвогуле была забаронена. Затое пасля выхаду ў 1926 годзе фільм карыстаўся вялікім поспехам сярод гледачоў.

 

 

Іншыя варыянты, як правесці наступны месяц, шукайце па тэгу: Беларускі месяц

1143 Всего просмотров 4 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Комментарии:



Оставить комментарий

Return to Top ▲Return to Top ▲