Сапраўдны беларускі дэтэктыў


Ноч цмока Валерыя Гапеева

“Ноч цмока” – новы раман Валерыя Гапеева. І хаця з мінулым творам пісьменніка яго не аб’ядноўваюць ні адзіныя героі, ні месца дзеяння, адразу ёсць адчуванне, што гэта сэнсавы працяг “Праклёна”. І, нават калі б у новым творы з’явіўся Уладзімір Жабрун, Алесь Лобач, Генадзь Колтун ці нехта з іншых герояў, ніякага б здзіўлення не было.

З самага пачатку раман вельмі падобны на першы сезон амерыканскага серыяла “Сапраўдны дэтэктыў”. У беларускай правінцыі адбываецца незвычайнае забойства – забіта маладая дзяўчына. Яе цела знойдзена пасярод перапаханага поля, але ні каля яе, ні навогул нідзе побач няма якіх-небудзь слядоў. Дзяўчына была голая і быццам працягвала рухацца нават пасля смерці. А судмедэкспертыза выявіла, што яна была цяжарная, хаця большасць знаёмых лічыла яе лесбіянкай.

І з самых першых старонак утвараецца ўражанне, быццам ты не чытаеш кнігу, а сапраўды глядзіш захапляльны дэтэктыў. Каларытныя персанажы, незвычайнае забойства, містыка… І, таксама як і ў серыяле, важнае месца ў кнізе займае галоўны герой, яго светапогляды і адносіны з іншымі людзьмі. Ён падобны на сапраўднага чалавека, які жыве не толькі працай.

Такія ж і іншыя героі кнігі. Цікава, што гэта адзін з нешматлікіх сучасных раманаў, дзе галоўны станоўчы герой – следчы пракуратуры. Таксама да станоўчых персанажаў можна аднесці і мясцовага ўчастковага, і пракурора горада. А мы ж так звыкліся з вобразам міліцыянера-злодзея і абагульняем ўсіх людзей з пагонамі. А калі мы так робім, то ці нашмат мы лепшыя за тых, каго лаем?

У нас большая частка людзей бачыць толькі чорнае і белае. Як ва ўладзе хто, значыць, падхалім, супраць народу. Калі ты не за, значыць, супраць. Вось так і жывуць, лёгка ўсіх дзелячы. Калі недзе міліцыянеры мітынгі разганяюць, дубінкамі лупцуюць, значыць, і ты тут – гэткі ж. І няважна, што я той дзень патраціў, каб украдзеных у Сцёпчыхі курэй знайсці, я ўсё адно тае масці, таго колеру, дубінку магу ў рукі ўзяць…

Калі гаварыць пра адрозненне “Праклёна” ад “Ночы цмока”, то галоўнае – гэта маштабнасць. У “Праклёне” было шмат герояў (менавіта герояў, а не персанажаў), дзеянне адбывалася як у Мінску, так і ў вёсках. І мы наглядалі за развіццём падзей менавіта вачамі тых, хто змагаецца за цемру і за свет.

“Ноч цмока” зусім іншая. Увесь маштаб – гэта райцэнтр (дзе ў асноўным развіваеца сюжэт асабістага жыцця галоўнага героя), ды невялічкая вёска. Галоўны герой толькі адзін, які не стаіць на баку добрага ці благога. Ён проста займаецца сваёй справай – даследуе абставіны злачынства. І такім чынам умешваецца ў барацьбу вышэйшых сіл. Робіцца джокерам, які можа дапамагчы як адным, так і другім.

І вось гэта розніца ў маштабе мае прынцыповую розніцу. Мы бачым, што барацьба ідзе на ўсіх узроўнях. Не толькі за права валодання нейкімі там артэфактамі, а менавіта за авалодванне душамі звычайных людзей, якія знаходзяцца на ростанях.

Уся каштоўнасць рамана складаецца з трох кампанентаў. Першае – гэта сама дэтэктыўная гісторыя. Да самага канца чытач не ведае – хто ж сапраўдны забойца. Другое – галоўны герой. Следчы пракуратуры ўяўляе сабою сапраўднага беларуса, які звык ніколі не ісці супраць плыні. Але праз абставіны ў рамане ён павінен перагледзець свае светапогляды. Трэцяе – містыка. Містыка, якая неразрыўна звязана з беларускімі традыцыямі і міфамі.

Аднак частка ідэй, якія праз дзеянні герояў, прапануе нам аўтар, даволі спрэчная. Не будзем раскрываць сюжэту, але не ўсе чытачы стануць на бок аўтара. Хай думкі яго герояў пра нацыянальнае адраджэнне і добрыя, але шлях іх дасягнення выклікае шмат пытанняў.

Маем надзею, што гэта дылогія (заўвага – тое, што два раманы наогул нешта аб’ядноўвае, гэта толькі думкі аўтара рэцэнзіі) абавязкова ператворыцца ў трылогію. І магчыма ў трэцяй частцы Валеры Гапееў адкажа на шмат пытанняў, якія засталіся пасля “Ночы цмока” і “Праклёна”. Будзем чакаць.

Фінал кнігі застаецца адкрытым. Барацьба света і цемры працягваецца.

1473 Всего просмотров 2 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Комментарии:



Оставить комментарий

Return to Top ▲Return to Top ▲