“Ноч” над намі


ноч віктар марціновічВіктар Марціновіч быццам бы даведваецца аднекуль пра таемныя жаданні беларускіх чытачоў і менавіта так стварае свае кнігі. Як яшчэ можна патлумачыць той дзіўны факт, што кожная яго новая кніга выходзіць з друку альбо са скандалам (як гэта было з раманам “Паранойя”), альбо з аншлагам на аўтограф-сесіях і дадатковымі накладамі.

“Ноч” – ужо шосты раман пісьменніка. Кожны раз аўтар не баіцца праявіць свае здольнасці на новай ніве. У гэты раз ён, пасля невялікага перапынку, зноў спрабуе сілы ў якасці фантаста. Але калі “Мова” была хутчэй антыўтопіяй, то новы раман – гэта суровая постапакаліптычная фантастыка.

Дзея кнігі адбываецца ў свеце, у якім знікла сонца і заўсёды пануе ноч. Галоўны герой, Кнігар, жыве ў вольным горадзе Грушаўка – адным са шматлікіх полісаў, на якія падзяліўся Мінск. На жыццё ён зарабляе тым, што здае ў арэнду кнігі, якіх больш нідзе не засталося – бо людзі проста спалілі іх, каб сагрэцца. На момант блэкаўту (так называецца ў рамане час, калі настала цемра), каханая Кнігара знаходзілася ў Непале. І таму, накапіўшы пэўныя запасы цынку (аналаг грошай), наш герой выпраўляецца ў пешае падарожжа да гэтай краіны, разам са сваім сабакам – Гердай (якіх, між іншым, у свеце таксама амаль не засталося, бо паелі).

Сюжэт, насамрэч, не новы для сусветнай літаратуры. Але, як мы ведаем ад Крыстафера Букера, іх наогул толькі сем, а ўсё астатняе – варыяцыі. Таму галоўнае не завязка, і нават не фінал – а развіццё гісторыі. Тым больш перад Марціновічам стаяла даволі цяжкая задача – стварыць цэлы постапакаліптычны свет, са сваімі насельнікамі, звычаямі, турботамі ды законамі. Бо, насамрэч, не заўсёды гэта атрымліваецца ў сучасных аўтараў. “Ноч” – выключэнне з гэтага спісу. Да рамана ёсць пытанні, але яны не крытычныя, іх можна прабачыць. Напрыклад, не да канца зразумела, колькі ж часу прайшло з таго самага блэкаўту і колькі год галоўнаму герою.

Іншая справа, што ў свет Марціновіча сапраўды верыш. Бо нягледзячы на поўную адсутнасць электрычнасці, людзі нават у цемры застаюцца тымі ж самымі. Яны вераць усяму, што прачытаюць у газетах (нават калі гэта поўнае глупства), працягваюць забіваць за грошы, вырабляюць алкаголь, гандлююць, ваююць, аб’ядноўваюцца, ілгуць, моляцца. Бедныя ўсё гэтак жа ненавідзяць заможных, а заможныя пагарджаюць беднымі. Але галоўнае – кожны герой у кніге намагаецца выжыць усімі магчымымі сродкамі.

Яшчэ адно пачуццё, якое суправаджала напрацягу чытання кнігі – у гэты свет хочацца зноўку вярнуцца. І не толькі ў новай кнізе, але, напрыклад, у камп’ютарнай гульне. Каб самому пабываць у кожным з мінскіх полісаў, адправіцца ў падарожжа да Горада Святла, разгадаць тайну казлакапатых і неўраў. На жаль, верагоднасць гэтага вельмі малая. Сам Марціновіч яшчэ ніводнага разу не вяртаўся да сюжэтаў ужо напісаных твораў, а беларускія распрацоўшчыкі гулянь не звернуць увагі на айчынны твор. Нават калі ёсць добры прыклад з тым жа “Метро 2033” Глухоўскага.

Напрыканцы пра дрэннае. Далей будзе невялічкі спойлер. Аўтар стварыў у кнізе рэалістычны постапакаліпсіс. Тут няма фантастычных жывёл ці магіі. Але дзеля таго, каб выказаць сэнс твора наўпрост, нават не даючы чытачу самому дайсці да гэтага, Марціновіч уводзіць у сюжэт Deus ex machina. Гэта герой, які проста парушае законы ўжо створанага свету і ператварае “Ноч” у нейкую біблейскую прыпавесць. Навошта гэта было рабіць, чаму патрэбна было забіраць у чытача магчымасць самому знайсці глыбінны сэнс твора (хай бы ён і быў у кожнага свой), ведае толькі сам Марціновіч.

Некалькі слоў пра мову і стыль, тым больш што некаторыя крытыкі ўжо паспелі напісаць пра гэта. У асобных месцах аўтар занадта паглыбляецца ў дэталёвыя апісанні і разважанні, з-за чаго моцна запавольваецца развіццё сюжэта. Але нейкіх глабальных праблем мы не заўважылі як, падаецца нам, не заўважыць і большая частка чытачоў без філалагічнай адукацыі.

“Ноч” – сапраўды варты ўвагі твор беларускай літаратуры. У Марціновіча зноў атрымалася выстаяць на мяжы масавай і элітарнай літаратуры. Будзем марыць, каб яшчэ хоць нейкім шляхам зноў вярнуцца ў гэту халодную ноч.

А спецыяльна дзеля тых, хто яшчэ раз хоча апынуцца ў свеце кнігі “Ноч” мы падрыхтавалі вось такую мапу Мінска. Магчыма, не ўсе межы намалявалі так, як таго хацелася б аўтару кнігі, але намагаліся ўсё зрабіць па тэксце. Мапа Мінска даецца на пачатак твора, бо потым яна адчувальна змяняецца.Мінск марціновіч ноч

 

224 Всего просмотров 2 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Просмотров: 135

Комментарии:



Оставить комментарий

Return to Top ▲Return to Top ▲