Ластоўскі супраць марсіян


захоп Беларусі марсіянамі

Занятак літаратурай у Беларусі ў ХХІ стагодзьдзі амаль не прыносіў прыбытку. Гэта, хутчэй, было пакліканьне. Беларусь заўсёды трымалася на літаратуры і паўстала зь літаратуры.

Марсіяне жывуць побач з намі. Яны ходзяць у тыя ж крамы, едуць на працу ў тых жа аўтобусах. Некаторыя з іх нашы суседзі па лесвічнай пляцоўцы, а з іншымі мы сутыкаемся падчас спрэчак у інтэрнэце. Але яны яшчэ не перамаглі. Бо іх перамога – гэта калі кожны з нас зробіцца марсіянінам у адносінах да роднай культуры і мовы.

Новая кніга Алеся Аркуша, “Захоп Беларусі марсіянамі” — гэта не фантастычны твор. Ці, больш дакладна, не зусім фантастычны. Гэта твор пра барацьбу з марсіянамі вакол нас.

“Захоп Беларусі марсіянамі” складаецца з двух сюжэтных ліній. Адна прысвечана маладому беларускаму паэту, аднаму з заснавальнікаў таварыства “Маладняк” Алесу Дудару. Другая – нашаму сачасніку, альтер эга аўтара, Васілю Крокве. Таму і дзея рамана адбываецца адначасова ў сучаснасці і ў 20-я гады мінулага стагоддзя. І хай розніца ў часе паміж абодвума героямі больш за 70 гадоў, насамрэч яны займаюцца адной справай – змагаюцца з марсіянамі.

Сапраўдным трэцім героем кнігі з’яўляецца Вацлаў Ластоўскі. “Марсіяне” Аркуша проста наскрозь прасягнуты алюзіямі на яго кнігу “Лабірынты”. А сам Ластоўскі – гэта сімвал супрацьстаяння марсіянам-чужынцам.

Дзве сюжэтныя лініі амаль не пераплятаюцца паміж сабой. Дудар жыве ў свой час, а Кроква – ў свой. Адзінае, што іх аб’ядноўвае, дык гэта месца дзеяння – Полацк і яго сутарэнні.

Кніга атрымалася невялікай па аб’ёме. Нехта можа назваць гэта нават яе недахопам. Так, сапраўды, тая ж біяграфія Алеся Дудара паказваецца асобнымі фрагментамі. А яго жыццю па-за Полацкам тут надаецца зусім мала ўвагі. А сюжэтная лінія Васіля Кроквы атрымалася яшчэ больш кампактнай. З іншага боку, аўтар не перагружае чытача залішняй інфармацыяй.

Цікава для сучаснікаў падае Аркуш светапогляды Дудара. Ён, актыўны ўдзельнік беларусізацыі, тым не меньш — камуніст. Уявіць сёння сучаснага беларусацэнтрычнага камуніста амаль немагчыма. Але ў 20-я гады такое было магчыма. Улады дазволілі інтэлігенцыі змагацца за сваю мову і культуру. А потым, калі так званы працэс беларусізацыі скончыўся, гэтыя самыя людзі былі пакараны. І яшчэ больш недарэчна выглядае сітуацыя, што Дудар, які нідзе не выказваецца супраць савецкай улады, робіцца яе ахвярай. І ўсім, хто цікавіцца часамі рэпрэсій будзе цікава пачытаць пра Алеся Дудара. Таму што такіх, як ён, былі сотні.

Кроква ня быў зацятым антыкамуністам. Ён, хутчэй, прытрымліваўся сваёй тэорыі дабра і зла, сьвятла і цемры. Паводле яго, у кожным асяродзьдзі, сярод прыхільнікаў любых ідэяў і перакананьняў ёсьць сьветлыя і цёмныя людзі, калі не лічыць зусім ужо дэманічных і вар’яцкіх, а такіх Кроква ўважаў проста за небясьпечна хворых. Бо нават сярод нямецкіх акупантаў часоў Другой сусьветнай вайны былі сьветлыя людзі.

Напэўна шмат чытачоў пасля гэтай рэцэнзіі спытаюць – хто ж такія гэтыя самыя марсіяне і чаму з імі трэба змагацца? Як атрымоўваецца, што яны знаходзяцца вакол нас, а мы іх нават не заўважаем? Лепш за ўсё на гэта адказаў сам Алесь Аркуш: “Марсіяне” мной задумваліся як сымбаль чужынца — агрэсіўнага, ваяўнічага, які не ідзе ні на якія кампрамісы і ў якога, калі ён трапляе ў чужое асяродзьдзе, заўжды ў галаве віруе думка: або я іх, або яны мяне”.

1270 Всего просмотров 6 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Комментарии:



Оставить комментарий

Return to Top ▲Return to Top ▲