Інфанта і аднарог у школе


Инфанта и аднарог

Раман “Інфанта і аднарог” Сяргея Балахонава публікаваўся на сайце выдавецтва “Логвінаў”, дзе яго можна і зараз прачытаць. Але мы працяглы час не звярталі на твор ніякай увагі, хоць і ведалі пра яго існаванне. Але пасля яго з’яўлення ў друкаваным выглядзе, вырашылі прачытаць.

Раман атрымаўся настолькі цікавым, глыбокім і незвычайным, што захапіў з першых жа старонак. Але калі быў прачытаны апошні сказ цяжка было ўявіць, як пісаць гэту рэцэнзію. І таму мы вырашылі напісаць сваю анатацыю да твора, каб чытач разумеў, з чым яму прыйдзецца сутыкнуцца.

Галоўны герой рамана — настаўнік гісторыі Эрнест Скіргайлавіч Баластоўскі. Перад пачаткам новага навучальнага года яму ў класнае кіраўніцтва даюць 11 клас. І хаця ён спрабуе адмовіцца ад такой пашаны, нічога ў яго не атрымоўваецца. І вось ён ужо павінен знаходзіць агульныя інтарэсы са сваімі вучнямі, змагацца з іх турботамі, а часам і рабіцца дыктатарам, каб супрацьстаяць іх хітрыкам.

Калі б спыніць далейшы аповед пра сюжэт рамана, чытач мог бы падумаць, што перад ім “беларускі адказ” “Педагагічнай паэме” Макаранка. Аднак наша кароткая анатацыя на гэтым не сканчаецца.

У мінулым годзе галоўны герой быў закаханы ў адну са сваіх вучаніц, якая быццам бы нават адказвала яму ўзаемнасцю. Але пасля сканчэння школы кінула яго. І вось, у новым навучальным годзе ён зноў закахаўся ў вучаніцу с падначаленага яму класа – Алісу Селязнёву. І тая быццам бы адказвае на яго пачуцці, але ж проста любіць яго, а не кахае. Да таго ж каляжанкі настаўніка гісторыі маюць на яго свае планы.

Цяпер чытач уцяміць, што ў кнізе ёсць яшчэ і рамантычная лінія кахання настаўніка да сваёй вучаніцы. Але працягнем нашу анатацыю далей.

Тым часам нешта адбываецца з самім настаўнікам. Ён пачынае выпадаць з гэтай рэальнасці і атрымоўваецца ў іншых – то ў казцы, то ў Сталінградзе часоў Вялікай Айчыннай вайны. А хуткім чынам мы разумеем, што за ім наглядаюць вытворцы нашай рэчаіснасці і хочуць яму памяшаць. Таму што ён можа хакнуць існуючую рэальнасць.

Вось цяпер чытач напэўна зусім заблытаўся. Але сваю анатацыю мы падсумуем наступным абзацам.

І ўсе гэтыя падзеі звязаныя паміж сабой – і школа, і каханне, і творцы нашай рэальнасці.

Насамрэч, асобныя главы кнігі можна падзяліць па тэматыцы. У адной больш увагі надаецца каханню, у іншай – педагагіяным справам, у трэцяй – фантастычным з’явам. Але Балахонаў змог вельмі добра звязаць іх паміж сабой. Каб лепш ацаніць увесь раман, раскажам пра кожны яго элемент па-асобку.

Педагагічная паэма па-беларуску

З гэтага пачынаецца твор. І адразу здаецца, што мы будзем чытаць гісторыю настаўніка, які змагаецца з вучнямі. Адзначым, што аўтар даволі добра паказаў усе турботы, з якімі сутыкаюцца беларускія педагогі. Тут і пазакласная работа, і арганізацыя суботніка, і паход на стадыён, і арганізацыя конкурсаў, і класныя часы і шмат чаго іншага. А тут яшчэ і свае вучні, якія час ад часу ўтвараюць нейкія неспадзяванасці для свайго класнага кіраўніка.

Педагагічная частка твора настолькі моцная, што нават калі б прыбраць усё астатняе, раман атрымаўся б вельмі добрым. Бо дзе яшчэ ёсць магчымасць прачытаць пра будні беларускай школы? Пра гэта амаль ніхто не піша ў мастацкай літаратуры.

Складанае каханне

Рамантычная лінія атрымалася вельмі цікавай. Вось толькі паводзіны галоўных герояў выглядаюць вельмі нерэалістычнымі. Галоўны герой Баластоўскі кахае сваю вучаніцу і нават не намагаецца схаваць свае пачуцці – піша ёй СМС, раўнуе, амаль не б’ецца з яе хлапцом. Насамрэч, калі б такое сапраўды тварылася ў беларускай школе, настаўніка чакала б звальненне.

Што тычыцца Алісы, то ёй хоць і не падабаюцца заляцанні свайго класнага кіраўніка, але яна заўсёды яго падбадзёрвае да іх. То піша двухсэнсоўныя СМС, то гаворыць з нейкімі намёкамі. А потым і зусім можа некалькі тыдняў пазбягаць яго, каб зноў пачалося ўсё спачатку.

Іншая справа – настаўніцы са школы. Такое адчуванне, што 90% жаночага калектыву школы маюць нейкія псіхічныя захворванні па сэксуальнай частцы. Яны гатовы амаль згвалтаваць нашага галоўнага героя. І дзіўна ў гэтай сітуацыі не тое, што Баластоўскі абыякавы нават да прапановы “толькі сэксу”, але тое, што яго каляжанкі працягваюць дамагацца ўвагі Баластоўскага нават пасля таго, як ён іх адкрыта абражае.

Недахопаў хапае, але, калі ўсе іх прыняць, мы бачым вельмі кранальную гісторыю пра безадказнае каханне настаўніка да вучаніцы. І чым гэтая гісторыя завершыцца невядома да самай апошняй старонкі.

Вялікія праграмісты

Галоўная ідэя фантастычнай частцы кнігі заключаецца ў тым, што ўвесь наш сусвет стварылі нейкія звышмагутныя праграмісты. А Баластоўскі можа прарвацца з віртуальнасці ў сапраўдную рэальнасць, ці іншыя віртуальныя рэальнасці. Што ён часам і робіць.

Аповеды пра прыгоды галоўнага героя ў альтэрнатыўных рэальнасцях вельмі розныя. Ён то ў казку пападае, то ў гісторыю, то наогул скача з адной магчымай рэальнасці ў іншую. Але чытаць пра гэта вельмі цікава. І асабліва чакаць – куды ж ён праваліцца наступным разам.

А ёсць жа яшчэ і асабістае жыццё героя, з яго думкамі і турботамі. Тым больш што і сам ён пісьменнік.

Лексіка твора, нягледзячы на такія разнастайныя тэмы, якія ў ім узнімаюцца, вельмі добрая. Раман чытаецца хутка і лёгка. Хаця ў дакор аўтару можна сказаць, што ў творы шмат вершаў і тэкстаў вядомых песен, хапае ненарматыўнай лексікі і жартаў ніжэй пояса. Але нават гэтыя элементы добра ўпісаліся ў кантэкст.

Таксама хочацца выказаць пашану аўтару за тое, што ён амаль не закрануў ні адну з мэйнстрымавых тэм у беларускай літаратуры. У творы няма палітыкі, няма разваг над моўным пытаннем, ці абмеркаванняў беларускай мінуўшчыны. Больш справядліва сказаць – усе гэтыя тэмы прысутнічаюць, але не ў большай ступені, чым яны сапраўды хвалююць беларускую грамадскасць.

Як ужо адзначалі,  усе 3 састаўныя часткі моцна звязаныя паміж сабой. І нават чым скончыцца кожная з іх застаецца невядомым да самых апошніх старонак.

Што тычыцца фінала кнігі, то гэта асобная гісторыя. У любой кнізе, яшчэ не прачытаўшы апошнюю старонку, ў галаве чытача ёсць некалькі варыянтаў магчымага канчатку гісторыі. І, на жаль, у 90 адсотках выпадкаў чытач загадзя ведае чым усё скончыцца. Толькі сапраўдныя майстры пяра могуць трымаць напружанне да апошняга. Так атрымалася і з раманам Балахонава.

Сам раман пасля сябе пакінуў такую колькасць пытанняў, што вельмі хочацца пісаць Балахонаву, каб ён не марудзіў з працягам. Але працяга не будзе. Гісторыя Баластоўскага і Алісы скончана назаўсёды. А на ўсе пытанні чытач павінен адказаць сам.

Электронная версія кнігі набыта ў краме http://kniharnia.by/

3228 Всего просмотров 4 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Комментарии:



Оставить комментарий

Ваш email не будет опубликован.



Лимит времени истёк. Пожалуйста, перезагрузите CAPTCHA.

Return to Top ▲Return to Top ▲