Гештальт, які трэба завяршыць

завяршыць гештальт

У гэтым годзе прэмію імя Ежы Гедройца атрымаў беларускі пісьменнік-эмігрант Макс Шчур за сваю кнігу “Завяршыць гештальт”. Гэта гісторыя пра тое, як аўтар пасля звальнення з працы вырашыў выправіцца ў падарожжа, каб… “завяршыць гештальт”. Ён накіроўваецца ў Галандыю, першую замежную краіну, якую ён наведаў шмат гадоў таму. Ён лічыць, што менавіта такім чынам зможа перагарнуць старонку свайго жыцця.

Гэта кніга, у першую чаргу, пра падарожжа. Але не толькі пра падарожжа з адной еўрапейскай краіны ў іншую. І нават не пра падарожжа эмігранта. Гэта кніга пра падарожжа ў свой нутраны свет. Нам можа не падабацца аўтар – недахопаў у яго сапраўды шмат. Але падкупае тое, што ён сам шчыра пра іх гаворыць. Не хаваецца за літарамі і сказамі, а паказвае сябе сапраўдным чалавекам. Ён самотны, у яго вельмі мала сяброў. Нават дзяўчыны не было некалькі гадоў да гэтага самага падарожжа. Ён нават не саромееца пісаць, што быў вельмі хуткі падчас сэксу з адной са сваіх спадарожніц.

І ні ў якім разе не думайце, што падарожжа Макса Шчура будзе нечым падобна да падарожжа Ромы Свечнікава. Нават сам Шчур упікнуў маладога аўтара:

“Зрэшты, чаму ж, ёсьць яшчэ, кажуць, іншы варыянт: калі вы дастаткова малады й бяз комплексаў, вы можаце абвясьціць на інтэрнэце збор сродкаў сабе на дарогу, узяць заплечнік і пляншэт ды выправіцца самае меншае ў кругасьветнае падарожжа, каб даказаць сабе і астатнім, наколькі вы рэальна круты. Па дарозе, у якасьці падзякі сваім віртуальным спонсарам, вы можаце весьці штосьці накшталт дзёньніку — няважна, дзе: у галаве, сшытку, лепш адразу ў інтэрнэце — нічога такога, што хацелася б утаіць ад астатніх, ні ў вашай галаве, ні ў вашым навакольлі не адбываецца. У дзёньніку вы будзеце пісаць прыблізна пра  тое, што ўсё раней прачытанае й бачанае вамі ў сеціве адпавядае рэчаіснасьці — хіба не адкрыцьцё? Не забудзьце, вядома, паказаць сябе сапраўдным патрыётам: гэта значыць, абыходзіцца з абарыгенамі як зь дзікунамі ўжо таму, што яны ніколі ня чулі пра вашую краіну. А вы ж маеце як мінімум адну надзвычайную падставу ёю ганарыцца: гэтая краіна плодзіць такіх герояў як вы!”

З дапамогай праграмы Дамбартэру (праграма па часовым абмене кватэрамі/дамамі) галоўны герой знаёміцца з галандскай парай, якая пагаджаецца на нейкі час пераехаць да яго ў Прагу, а галоўны герой едзе да іх у Галандыю. У падарожжа аўтар выпраўляецца з дапамогай балбатрансу – сервісу, дзе пасажыр не плоціць грошай за праезд, але часткова аплочвае паліва.

Кнігу можна падзяліць на дзве часткі – першая, гэта гісторыі галандскіх гасцей галоўнага героя, якія распавядаюць яму розныя выпадкі з гісторыі дамбартэру. Другая частка – гэта менавіта шлях ад Чэхіі да Галандыі.

І гэтыя часткі не ідуць паслядоўна, а змяняюць адна адну па парадку. І да канца твора галандскія госці, са сваімі шматлікімі забаўляльнымі гісторыямі, надакучваюць не тлоькі герою кнігі, але і чытачам.

Але самую значную частку твора займае аўтар. Мы не проста слухаем яго гісторыі, але і назіраем за падзеямі яго вачамі. Калі б мы чыталі твор аптыміста, то Еўропа падалася б нам вельмі прыемным месцасм жыхарства, дзе заўсёды сонечна і куды абавязкова трэба пераехаць. Калі б чыталі твор песіміста, то Еўропа паўстала б перад намі брудным, звышкапіталістычным пеклам, дзе ні ад каго не дачакаешся дапамогі. Але Макс Шчур – рэаліст. Ён бача як добрае, так і дрэннае.

У творы вельмі мала Беларусі. Сапраўды, складваецца адчуванне, што ў аўтара нават няма настальгіі па сваёй радзіме. Пра Беларусь ён успамінае зрэдку. Больш за тое – галоўны герой мізантроп. Амаль ніводны з тых людзей, з якімі ён дабіраецца да канчатковай кропкі свайго маршрута, яму не спадабаліся.

І галоўнае пытанне, якое застаецца пасля прачытанага – у чым каштоўнасць гэтай кнігі? Так, яе было цікава чытаць, было цікава паглядзець на Еўропу вачамі беларуса-эмігранта. А што акрамя гэтага? Чым каштоўна кніга для Беларусі і беларускай літаратуры?Аўтар рэцэнзіі адказаць на гэтае пытанне не здолеў.

HVALI.BY