Галасы утопіі па-беларуску


Зараз рыхтуецца да выдання цыкл твораў Святланы Алексіевіч “Галасы утопіі”, у які ўваходзяць 5 кніг – “У вайны не жаночы твар”, “Чарнобыльская малітва”, “Апошнія сведкі”, “Цынкавыя хлопчыкі” і “Час сэканд-хэнд”. Дапамагчы ў выданні кніг, а таксама стаць адным з першых абладальнікаў збору твораў можна з дапамогай краўдфандынгавай кампаніі на сайце Ulej.

Упершыню ўсе творы нобелеўскай лаўрэаткі па літаратуры будуць выдадзены на беларускай мове цалкам, без цэнзуры. А перакладчыкамі кніг сталі вядомыя беларускія пісьменнікі – Уладзімір Арлоў, Сяргей Дубавец, Валянцін Акудовіч, Андрэй Хадановіч і Барыс Пятровіч. Ініцыятарам кампаніі стаў выдавец Ігар Логвінаў.

Ужо сабрана больш за 50% неабходных сродкаў – 21158 з 40000 рублёў. Завяршыцца краўдфандынгавая кампанія 20 красавіка.

Да акцыі далучыўся таксама і Белгазпрамбанк. Банк размесціць заказ на выданне дадатковага тыража 5-томнага збору твораў, які будзе бязвыплатна перададзены ва ўсе абласныя і раённыя бібліятэкі нашай краіны. Такім чынам кожны жыхар гэтых населеных пунктаў зможа прачытаць творы першай беларускай нобелеўскай лаўрэаткі.

Таксама Белгазпрамбанк плануе арганізаваць у кожным з абласных гарадоў творчыя сустрэчы са Святланай Алексіевіч.

А вось што адзначыў старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка: “Рэалізацыя гэтага праэкта дае нам шанец не паўтараць памылак мінулых гадоў, калі лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па літаратуры былі ня прызнаны і асуджаліся ў роднай краіне, а ў наступным пакаленні перад імі каяліся і іх працы ўключаліся ў школьныя праграмы (Бунін, Пастэрнак, Салжаніцын, Бродскі) . Мы перакананыя, што любая краіна і яе народ павінны ганарыцца дасягненнямі ў інтэлектуальнай сферы не меньш, чым у спорце і працы. Таму мы хочам, каб і цяперашняе, і будучыя пакаленні беларусаў мелі магчымасць дакрануцца да прыгожага ў любым пункце незалежна ад тэхнічных магчымасцяў”.

Плануецца што тыраж кніг будзе выдадзены ў канцы траўня 2018 года, напярэдадні 70-годдзя пісьменніцы. Далучыцца да гэтай кампаніі і атрымаць свой камплект з 5 кніг можа кожны з нас.

1144 Всего просмотров 2 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Просмотров: 25

Комментарии:



Оставить комментарий

Return to Top ▲Return to Top ▲