Беларускія словы. «Камы»

КамыЗноў публікуем адзін з матэрыялаў Уладзіміра Куліковіча з рубрыкі “Беларускае слоўка” газеты “Вечерний Минск”. Сёння разглядзім цікавае і незвычайнае беларускае слова – “камы”, якім мы, на жаль, вельмі рэдка карыстаемся.

КАМЫ

І тут няма нічога дзіўнага. Пацверджаннем можа служыць кулінарнае шматзначнае слоўка «камы».

Ім у Беларусі называюць кашу з бобу ці гароху, галушкі (пшанічныя, аўсяныя або гарохавыя булачкі), тоўчанае семя. Але найчасцей — тоўчаную адвараную бульбу, бульбяную кашу. Слоўнікі пры тлумачэнні яго па-руску так і падаюць: «камы, -оў, адз. няма, абл. Картофельное пюре или каша», або «камы (русское название „комы“) — каша белорусской кухни, которая готовится из картофеля, бобов и гороха с салом».

Радзімай гэтага слоўка і паняцця, якое яно абазначае, з’яўляецца наша старажытная Полаччына. Менавіта адтуль трапіла яно ў Прыбалтыку, дзе корань «-кам-» сустракаецца ў назвах сумесі розных зернавых культур. Напрыклад, латышскае «камс» — гэта сумесь грэчневай, пшанічнай і гарохавай мукі, эстонскае «кама» — мука (талакно), сумесь з папярэдне падсмажанага зерня жыта, аўса, ячменю, гароху, бабоў, якая лічыцца нацыянальным прадуктам Эстоніі.

У царкоўнаславянскай мове «камы» абазначалі «камяні». Цікава, што на Беларусі камянямі (відаць, з-за падабенства) у ХVII-ХVІІІ стст. першапачаткова называлі бульбу.

Акрамя назвы «камы» у розных куточках Беларусі можна пачуць «камякí, комы, камакí, таўканíца, таўчонка, картаплянка» і добра вядомае кожнаму рускамоўнаму жыхару слова «пюрэ».

Выкарыстоўваецца слоўка пры складанні хуткавымаўлянак (скорагаворак): «Каму па каму, а каму і два камы»; у прыказках: «Яшчэ не было такое вайны, каб камякамі (камамі) стралялi». А гурт «ДзеціДзяцей» адну са сваіх песень так і назваў — «Камякі».

Тэхналогія прыгатавання названай стравы вельмі простая. Патрэбна адварыць бульбу, патаўчы або прапусціць яе праз мясарубку і з атрыманага цеста зрабіць шарыкі велічынёй з кулак. Некаторыя гаспадыні кладуць камы на патэльню ці ставяць у печку, каб утварылася скарынка. Як запісалі фалькларысты ХІХ ст., бульбяныя камы — посная ежа, якую беларусы бралі з сабой у дарогу.

Сёння кухары прапануюць перамяшаць з патоўчанай бульбай падсмажаныя дробныя кавалачкі сала і цыбулі. З атрыманай масы сфармаваць невялікія шарыкі, абсмажыць іх на тлушчы, затым выкласці на патэльню, падсушыць у духоўцы і з пажаданнем «смачна есці» прапанаваць гасцям.

Уладзімір КУЛІКОВІЧ

 

ТАЛАКАВЫРАЙКІЯХЯЛАВІЧЫНАДУБЭЛЬТЫХАЛЕПААСЯНЧУК

3518 Всего просмотров 1 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Просмотров: 212

Комментарии:


Return to Top ▲Return to Top ▲ Беларускія словы. «Камы»