Беларускія словы. «Бяседа»

Бяседа

Працягваем публікаваць матэрыялы з газеты «Вечерний Минск» з рубрыцы «Беларускае слоўка». На гэты раз мы напiшам пра беларускае слова «скавыш».

БЯСЕДА

Слоўка бяседа таксама з кагорты святочных. Яно абазначае збор гасцей (родных, суседзяў, блізкіх знаёмых) з нагоды сямейнай ўрачыстасці. «А чалом, чалом, мае госцейкі, / Сабірайцеся на бяседачку, / На бяседачку ў хату новую, / Ў хату новую — сасновую», — пісаў у пачатку ХХ стагоддзя Максім Багдановіч. Называюць гэтым слоўкам і застолле з песнямі, пажаданнямі, прыгаворамі, лас­кавымі прымусамі.

Прыжылося яно і ў якасці адметнага ўласнага імя. «Бяседай» названы ансамбль народнай музыкі; сядзіба ў Віцебскай вобласці, дзе створаны ўсе ўмовы для адпачынку па-беларуску; фестывалi беларускай культуры «Прымацкая бяседа» i «Сяброўская бяседа”

Слова агульнаславянскае. Параўнайце: у рускай мове —  «беседа», ва ўкраінскай —  «бесі­да», у польскай —  «biesiada», чэшскай —  «beseda», балгарскай —  «беседа». Беларуская спецыфіка — у значэнні. На­прыклад, рускае слова «беседа» перакладаецца на беларускую мову як размова, гутарка.

Такое падабенства ў гучанні — прычына распаўсюджанай памылкі. Сёння даволі час­та можна прачытаць і пачуць: «Бяседа настаўніка з вучнямі доўжылася…”, «Запрашаем на субяседаванне…”, «Субяседаванне з абітурыентамі адбу­дзецца…” Правільна: «Гутарка (размова) настаўніка…” ,«Запрашаем на суразмоўе (сумоўе) …”, «Суразмова (сумоўе) з абітурыентамі адбудзецца…”

Ужывайце правільна гэтае песенна-паэтычнае слоўка, якому прысвячалі свае творы паэты і кампазітары. На­прыклад, у ХІХ стагоддзі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч пісаў: „Калі бяседа будзіць мілыя ўспаміны, / Дык момантам здадуцца вечара гадзіны“. У ХХ стагоддзі Рыгор Барадулін раіць кожнаму беларусу не ачарсцвець душой. А для гэтага патрабуецца ня­шмат: „Помнiць свой на iржышчы цень, / Не забыць, як завуць суседа, / Не забыць, як пяе пад дзень / За вясёлым сталом бяседа“. А для аўтараў песні „Бяседа“ (словы Леаніда Пранчака і музыка Леа­ніда Захлеўнага) гэтае слоўка сімвалізуе само жыццё: „Добры звычай старадаўнi — / Запрашаць гасцей у дом, / Сабiрацца на бяседу / За святочным за сталом. / На бяседу, на бяседу, / Каб душою адпачыць! / Мы жывём i жыць мы будзем, / Покуль песня будзе жыць!“

Уладзімір КУЛІКОВІЧ

Іншыя словы з рубрыкі вы можаце паглядзець па тэгу БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА

4378 Всего просмотров 4 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Просмотров: 205


Return to Top ▲Return to Top ▲ Беларускія словы. «Бяседа» Return to Top ▲Return to Top ▲