Аршанская бітва – 1514. Разумець і пераасэнсоўваць


Матэрыял перадрукаваны з budzma.by

8 верасня мы адзначаем угодкі Аршанскай бітвы. Сёлета ў яе вялікі юбілей – з часу падзеі прайшло роўна паўтысячагоддзя. Вялікае свята павіннае выклікаць не толькі эйфарыю. Трэба чарговы раз задумацца над сутнасцю рэчаў і іх сапраўдным значэннем. Чым была Аршанская бітва? Наколькі добра мы яе ведаем, разумеем?

Аршанская бітва стала адным з кутніх камянёў беларускай нацыянальнай ідэі. Калі браць ваенную гісторыю, хіба не знойдзеш іншай падзеі, якая б цвёрда асацыявалася з пераможным чынам беларусаў? Што важна, гэта была перамога над усходнім суседам, на чым часта акцэнтуюць увагу. Ужо даволі даўно Аршанская бітва стала трывалым ідэалагічным рэсурсам у палітычнай барацьбе розных беларускіх дыскурсаў. Калі ўлады “носяцца” з Вялікай Айчыннай вайной і партызанамі, то супрацьлеглы бок узяў на ўзбраенне падзею далёкага XVI стагоддзя.

Хацелася б абстрагавацца ад палітычнай афарбоўкі славутай перамогі і цалкам засяродзіцца на яе гістарычным гучанні. Важна раскрыць своеасаблівы “код памяці”, якім ёсць Аршанская бітва і чый патэнцыял беларускай супольнасцю не выкарыстоўваецца напоўніцу. Мы маем, як ні прыкра гучыць, штампаваны вобраз бітвы. Ганарыцца ёю без ценю сумнення – мала. Любую гістарычную падзею трэба разумець і пераасэнсоўваць, ужывацца ў яе і не баяцца бачыць яе па-новаму, часам і ў непрыглядным святле.

Здавалася б, усё проста – “мы разбілі маскалёў”. З гэтым паспрачацца цяжка. Хаця ў Расіі апошнім часам назіраюцца выразныя спробы перафарматаваць вобраз бітвы, пазбавіўшы яе не толькі значэння, але і вартасці. На жаль, гэта робіцца не дзеля пошуку гістарычнай праўды ці хаця б аднаўлення гістарычнай справядлівасці. Мы назіраем пераход да палітычнага матывавання і ангажавання пры навуковым вывучэнні падзеі. А гэта ўжо кепска.

Можна вылічваць з дакладнасцю (і гэта будзе прыводзіць да меншых лічбаў) жаўнераў, што ўзялі ўдзел у баі, і палеглых на полі бітвы, змяншаць маштабы бітвы, указваць, што выразных і моцных наступстваў для Вялікага Княства яна не мела. Усё гэта, калі глядзець на справу аднабока, даволі слушна. Сапраўды, Смаленск, страчаны ў жніўні 1514 г., найважнейшы стратэгічны цэнтр, застаўся за маскоўцамі. Вайсковы патэнцыял непрыяцеля не быў разбіты. Пераламаць ход вайны, па вялікім рахунку, таксама не ўдалося.

Аднак за гэтымі “абвяржэннямі міфаў” губляецца нешта істотна важнае, што можа зразумець толькі чалавек з генамі памяці, так бы мовіць, з гэтага боку – сапраўдны беларус, украінец альбо літовец. Гаворка пра няўлоўнае пачуцце неаспрэчнай перамогі.  Калі паглядзець на Аршанскую бітву як на феномен гістарычнай памяці, то можна ўбачыць, як яна адразу стала гонарам шляхты, своеасаблівым сімвалам пераможнага чыну. Прытым бітва пад Оршай як ідэальны вобраз перамогі замацавалася не толькі ў галовах інтэлектуалаў і адукаванай супольнасці, але і глыбока ўкаранілася ў фальклорнай традыцыі. Добра відаць, што гэты “міф” не навязваўся прапагандыстамі таго часу…

Яшчэ адзін важны момант. Аршанская бітва выдатна ўпісалася ў аналы еўрапейскага ваеннага мастацтва. Калі раней змаганне з усходнім праціўнікам вялося з дапамогай старых “рускіх” звычаяў”, то цяпер супраць яго былі задзейнічаныя, так бы мовіць, найсучаснейшыя тэхналогіі. Гаворка вядзецца і пра артылерыю, і пра выкарыстанне найноўшых тактычных прыёмаў. Нават рукапашны бой выглядаў па-новаму. Гэта было сведчанне новай сілы. Таму гэтая перамога і ўзрушыла грамадства ў ВКЛ і Польшчы, і зрабіла вялікае ўражанне на ўсю Еўропу. Бітва сапраўды стала набыткам еўрапейскай грамадскай думкі і яшчэ доўгі час здзіўляла еўрапейцаў. Тут яна таксама надоўга замацавалася як своеасаблівы мілітарны брэнд старажытнае Літвы.

Няхай Орша-1514 натхняе на будучыя перамогі. Нашы продкі сапраўды разбілі ворага. І паказалі нам, што гэта магчыма.

  Андрэй Янушкевіч

855 Всего просмотров 5 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Комментарии:



Оставить комментарий

Return to Top ▲Return to Top ▲