Андрэй Федарэнка атрымаў прэмію «Гліняны вялес»


Андрэй Федарэнка і Алесь Аркуш

Андрэй Федарэнка і Алесь Аркуш

7 траўня ў сталічным музеі Пятруся Броўкі прайшла цэрэмонія ўзнагароджання літаратурнай прэміі «Гліняны вялес». У гэтым годзе яе атрымаў пісьменнік Андрэй Федарэнка за кнігу «Ціша».

«Гліняны вялес» — штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная Таварыствам Вольных Літаратараў у 1993 годзе. Яна прысуджаецца за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу года. Цікава, што атрымаць прэмію можна толькі адзін раз у жыцці.

Падчас імпрэзы старшыня арганізацыйнага камітэту ТВЛ Алесь Аркуш адзначыў, што ў гэтым годзе было два асноўных прэтэндента на ўзнагароду — Віктар Марціновіч з раманам «Мова» і Андрэй Федарэнка з кнігай «Ціша», у якую ўвайшлі две аповесці («Дзядзька Адольф» і «Ціша»), а таксама некалькі апавяданняў. Але было вырашана аддаць перамогу менавіта Федарэнку. Ён атрымаў сімвалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва.

За ўвесь час існавання ўзнагароды ў розныя годы яе атрымлівалі — Ігар Бабкоў, Алесь Разанаў, Славамір Адамовіч, Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Пятро Васючэнка, Алена Брава, Сяргей Дубавец, Валянцін Акудовіч, Барыс Пятровіч, Віктар Казько, Уладзімір Някляеў, Эдуард Акулін і іншыя.

Традыцыйна пасля атрымання ўзнагароды пераможца зачытвае інагурацыйную прамову. Тут мы прыводзім прамову Андрэя Федарэнкі, лаўрэата гэтага году:

«Калі я збіраўся на імпрэзу, мне патэлефанавалі і спыталі, ці напісаў я даклад. Я спалохаўся і не паверыў: які я даклад павінен пісаць?! Я не ведаю сучаснай літаратуры, я не ведаю, у якім накірунку яна рухаецца, у якім стане яна знаходзіцца. Я патраціў на разгадку сучаснай літаратуры 5 гадоў. І калі ўсё, што я запісваў днямі, начамі і раніцамі я пачаў бы чытаць тут, то мы б сядзелі да лета. І я прыйшоў да высновы, што я не ведаю, куды яна рухаецца. Для мяне зразумела, што гэтая літаратура нейкая новая, што яна хварэе і перажывае нейкія катаклізмы. Я ведаю адно: калі пакута, калі хваробы — нешта павінна нарадзіцца. Я веру, што народзіцца нешта людскае, нешта добрае.

Раней для мяне быў адзін крытэрый вызначэння — талент. Вы заўважылі, што гэтае слова перастала гучаць, яно перастала гучаць вусна, яно перастала гучаць пісьмова. А цяпер замест слова талент выскачыла слова поспех. На першым месцы: пісьменнік паспяховы ці не? Ён павінен быць багатым, ён павінен быць прыгожым. І потым, калі яму моцна пашэнціць, то можа быць ён яшчэ таленавіты. Я не ведаю, добра гэта ці кепска. Але веру, што гэта добра. Бо ў любых пакутах нешта нараджаецца.

Ад маладзейшых я чакаю многага ад Віці Марціновіча і Алеся Бахарэвіча. Самае галоўнае — я хачу падзякаваць Вам, тым, хто ахвяраваў вольным часам, хто не гледзячы на такое надвор’е прыйшоў, хто ахвяраў гульнёй на чэмпіянаце свету Беларусь-ЗША, якая якраз у гэты час ідзе. І гэта з’ява вялікая. Асабліва калі ўлічыць, як здорава нашы згулялі з датчанамі. Хто ахвяраваў геаграфічнымі перамяшчэннямі і прыйшоў проста паглядзець на мяне. Гэтую ўзнагароду я лічу авансам, без фальшывай сціпласці. Думаю, што гэта будзе толькі стымуляваць мяне пісаць трошкі лепш і, можа быць, трошкі больш».

Павіншаваць пісьменніка з узнагародай прыйшлі Віктар Жыбуль, Леанід Дранько-Майсюк, Аксана Спрынчан, Вольга Акуліч, Валеры Гапееў, Аксана Данільчык, Максім Клімковіч, Алесь Емяльянаў, Яраш Малішэўскі, Сяргей Сыс і іншыя.

Таксама нагадаем, што наш сайт вельмі высока ацаніў кнігу Федарэнка «Ціша» (наша рэцэнзія), і адзначыў яе ў спісе лепшых кніг 2014 года.

 

Фотаздымкі з «Глінянага Вялесу 2015»:

Андрэй Федарэнка і Алесь Аркуш Гліняны вялес Андрэй Федарэнка Леанід Дранько-Майсюк Гліняны вялес 2015 Валеры Гапееў Яраш Малішэўскі і Аксана Спрынчан Аксана Данільчык Максім Клімковіч Альжбета Спрынчан-Малішэўская Яраш Малішэўскі Алесь Аркуш і Андрэй Федарэнка Валеры Гапееў Гліняны Вялес 2015 Гліняны Вялес 2015 Гліняны Вялес 2015 Алесь Аркуш

1784 Всего просмотров 1 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Комментарии:



Оставить комментарий

Return to Top ▲Return to Top ▲