«Дагератып» Людмілы Рублеўскай шукае спонсараў


Талака Людмила Рублевская

Новы гісторыка-прыгодніцкі раман Людмілы Рублеўскай «Дагератып» мае незвычайную, вельмі арыгінальную структуру. Гэта — гэтак званы дэкадансны раман, калі дзеянне плаўна перацякае з сучаснасці ў гістарычнае мінулае, дзе два зрэзы ў часе непарыўна звязаныя між сабою.

Гісторыя пачынаецца ў нашу эпоху: малады біёлаг Гальяш рыхтуецца з’язджаць за мяжу, але, разбіраючы рэчы ў дзедавай кватэры, знаходзіць стары дзённік… Перад чытачом паўстаюць таямнічыя падзеі канца XIX стагоддзя. Уладальнікі фотаатэлье правінцыйнага беларускага гарадка, незалежная прыгажуня Багуслава і яе бацька Варакса Ніхель, якія спецыялізуюцца на партрэтах post mortem — адлюстраваннях нябожчыкаў, вымушаныя выправіцца ў экспедыцыю, каб сфатаграфаваць неверагодную этнаграфічную калекцыю ў глухім і злавесным маёнтку Жухавічы. Цяперашняга ўладальніка маёнтка, князя Шымона Каганецкага, мясцовыя сяляне лічаць ваўкалакам. Дый Багуслава з бацькам зусім не тыя, за каго сябе выдаюць…

Гэта толькі завязка ашаламляльнага і захапляльнага сюжэта, пабудаванага на грунце беларускага жыцця больш чым стогадовай даўніны. Дэкаданс, готыка, хорар, палкае каханне насуперак усяму і бязлітасная чалавечая подласць… Рамантычная і адначасова жудасная гісторыя знаходзіць разгадку толькі ў наш час.

Людмілу Рублеўскую ведае кожны, хто хоць трошкі абазнаны ў сучаснай беларускай літаратуры. Бадай не знойдзеш іншага настолькі пладавітага аўтара за апошнія 20 гадоў, які праславіўся як паэтычнымі зборнікамі, так і шматлікімі творамі ў прозе — ад апавяданняў да раманаў. Асаблівую ўвагу прыцягвае творчасць Людмілы Рублеўскай на гістарычную тэматыку. Першае, што прыходзіць на слых, гэта славутая эпапея з чатырох раманаў, прысвечаная авантурным прыгодам у 18 стагоддзі Пранціша Вырвіча і яго сталага паплечніка Барталамея Лёдніка. Не чыталі? Бягом у кнігарню! Бо гэта — несамавіты твор, у чымсьці падобны на гісторыю Гары Поттэра, але заснаваны на нашым родным і вельмі жывым матэрыяле беларускай гісторыі. Таксама нельга прайсці міма такіх кніг Людмілы Рублеўскай, як «Старасвецкія міфы горада Б*”, “Сэрца мармуровага анёла”, “Пярсцёнак апошняга імператара”, “Ночы на Плябанскіх млынах”. Гэты спіс можна толькі множыць, але… нас чакае новая кніга, якая, паверце, разарве ўсе шаблоны.

Ужо існуе электроннае выданне рамана «Дагератып», якое вы можаце знайсці на партале Kniharnia.by. Дарэчы, на старонцы электроннай кнігі вы знойдзеце вялікі фрагмент твору, з якім можна азнаёміцца ўжо цяпер і цалкам бясплатна. Зараз існуе вялікі попыт і на традыцыйнае выданне на паперы, сведчаннем чаму з’яўляецца шматлікія водгукі чытачоў і прыхільнікаў творчасці Людмілы Рублеўскай у сацыяльных сетках і разнастайных форумных пляцоўках.

З  упэўненасцю можна сцвярджаць, што выданне рамана «Дагератып» Людмілы Рублеўскай стане важным унёскам не толькі ў развіццё беларускай культуры і літаратуры, але будзе мець і моцны выхаваўчы эфект, бо ўвесь прасякнуты беларускай нацыянальнай ідэяй і гонарам за сваю Айчыну і нашых гераічных продкаў.

Хацелася б сабраць сродкі на выданне на працягу бліжэйшага месяца, каб ужо на пачатку лютага 2017 года кніга з’явілася на паліцах беларускіх кнігарань. Якраз у гэты час будзе праходзіць Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, дзе будзе зладжана вялікая імпрэза з прэзентацыяй кнігі. Тыя, хто падтрымае праект, эксклюзіўна атрымаюць кнігу па неверагодна нізкім кошце нашмат раней — ужо пры канцы студзеня 2017 года.

Выдавецтвам «Янушкевіч» супольна з парталам Kniharnia.by і памочнікамі ўжо зроблены значны кавалак працы па перадвыдавецкай падрыхтоўцы рукапісу Людмілы Рублеўскай да друку. Ён прайшоў рэдактуру, карэктуру, створаны эскіз вокладкі… Нам засталося знайсці грошы на макетаванне і друк. З дапамогай Талакі трэба сабраць 3400 руб., каб пакрыць гэтым прыкладна дзве трэці выдаткаў на выданне кнігі.

Кніга будзе выдадзена абмежаваным накладам, у мяккім пераплёце, з вельмі трывалай каляровай вокладкай, на якаснай паперы, у фармаце А5, будзе мець больш чым 200 старонак тэксту. Гэта будзе цудоўны падарунак — як для сябе, так і для сваіх блізкіх!

Заклікаем вас да ўдзелу ў  праекце! Дакраніцеся да стварэння аднаго з галоўных кніжных бэстсэлераў Беларусі 2017 года!

779 Всего просмотров 3 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Комментарии:



Оставить комментарий

Return to Top ▲Return to Top ▲