18 чэрвеня – дзень нараджэння Валянціна Акудовіча


 

Сёння дзень нараджэння, магчыма, самага вядомага сучаснага беларускага філосафа – Валянціна Акудовіча. Яму спаўняецца 65 гадоў і мы жадаем яму моцнага здароўя, новых творчых поспехаў і жыццёвага аптымізму! А нашым чытачам прапануем азнаёміцца я эсэ Акудовіча “Ахіл і чарапаха”.

 

Ахіл і чарапаха

Перш чым выказаць тое, што тут будзе выказана, мне неабходна патлумачыць, чаму для асьвятленьня праблемы, пазначанай Юліяй Крыстэвай як “бунт-культура”, “культура як бунт”, быў абраны менавіта гэткі ракурс.

Як на маё разуменьне, то прапанаваная Крыстэвай формула „культура бунту” — гэта ня што іншае, як рэцыдыў паэтычнага мысьленьня, выяўлены ў форме паэтычнага тропу, які мае прыгожую грэцкую назву аксюмаран. У сваім „Паэтычным слоўніку” Вячаслаў Рагойша тлумачыць аксюмаран як „дасьціпна-бязглуздае спалучэньне супрацьлежных разуменьняў, якія лягічна выключаюць адно другое”.

У спалучэньні „культура бунту” (далей я буду карыстацца яго больш шырокім аналягам — “культура супраціву”) шмат стылю і таму тут даволі мейсца для паэтычных настрояў, але зусім няма мейсца мысьленьню, бо ў сытуацыі аксюмарану (гэта значыць, выключэньня аднэй часткі цэлага другой часткай цэлага) мысьленьне паглынаецца само сабой ужо на стадыі першапачатковага разгортваньня.

Фэномэн бунту-супраціву ня толькі супрацьлежны фэномэну культуры, ён ёй варожы, а калі быць больш дакладным — чужы, гэта значыць староньні, зь іншага сьвету, зь іншай праекцыі быцьця. А варожым культуры ён стаецца тады, калі трапляе ў яе сьвет, бо ня можа выяўляць сябе інакш, адно як разбураючы культуру. Чаму?

А таму, што бунт, супраціў — гэта спрэс дынаміка.

А культура наадварот — спрэс статыка.

Культура — гэта чарапаха, а бунт — гэта Ахіл. (Тут, натуральна, адсылка да знакамітай апорыі Зянона.)

Кажная, нават самая дробная праява культуры, гэта нейкая сума зафіксаванай статыкі, гэта той адсарбэнт, што застаецца ў стане трывалай фіксацыі ад безьлічы дынамічных рухаў-перарухаў.

У прынцыпе, кажны рух-перарух можна залічыць у лякальны бунт, лякальны супраціў і з гэтага лінейнага пасылу вывесьці сьцьвярджэньне, што культура фармуецца бунтам, супрацівам. Але гэта ня так.

Бунт, супраціў — гэта ня тое, што фармуе нейкую суму статыкі, якая выяўляецца ў фэномэне культуры, а тое, што, патрапіўшы ў поле культуры, імкнецца парушыць гэтую статыку празь індывідуальны ці калектыўны экспрэсыўны акт.

Культура — гэта трывала зафіксаваныя формы быцьця соцыюму, якія найбольш выразна выяўляюцца ў мове, побыце, культавых абрадах, вытворчых тэхналёгіях… Але якую б форму культуры мы не вылучалі, у аснове кажнай зь іх ляжыць трывала зафіксаваная сума статыкі. Вось чаму дынамічныя з сваёй прыроды бунт і іншыя праявы супраціву па азначэньні зьяўляюцца падзеямі чужымі і супрацьлежнымі культуры, калі заўгодна — падзеямі антыкультуры.

Мне здаецца, што формула „культура бунту” (“культура супраціву”) зьявілася ў сілу ня намі створанага непаразуменьня, якое тоесьніць культуру і мастацтва.

Але ж гэтае непаразуменьне тоесьніць культуру і мастацтва!

Бо мастацтва, мастацкі творчы акт пераважна грунтуецца на індывідуальным ці калектыўным экспрэсыўным бунце; без унутранага супраціву хоць чаму мастацкі твор наўрад ці ў прынцыпе магчымы, як і мастацкая творчасьць увогуле. Вось чаму нішто так і не разбурае культуру, як мастацтва. Нават сацыяльныя катаклізмы. Зрэшты, а ці не мастацтва заўсёды ініцыявала сацыяльныя катаклізмы. І ці не зьяўляюцца сацыяльныя катаклізмы матар’яльнай рэалізацыяй агрэсыўных па сваёй сутнасьці (дынаміка — гэта заўсёды агрэсія) ідэяў мастацтва?..

(У дужках заўважу, што катэгорыя „супраціву” ў маёй інтэрпрэтацыі ўключае ў сябе ўсе формы супраціву: ад радыкальных сацыяльна-палітычных, такіх як рэвалюцыя, бунт, да мэтафізычных, такіх як нэгатыўная тэалёгія ці філязофія.)

Пачну я, бадай, з вызначэньня таго мейсца, дзе супраціў (у дужках заўважу, што катэгорыя „супраціву” ў маёй інтэрпрэтацыі ўключае ў сябе ўсе формы супраціву: ад радыкальных сацыяльна-палітычных, такіх як рэвалюцыя, бунт, да мэтафізычных, такіх як нэгатыўная тэалёгія ці філязофія) зьяўляецца ў якасьці ўжо заўважанага намі фэномэну. Як на маё разуменьне, то па часе мейсца зьяўленьня супраціву заўсёды знаходзіцца ў будучым. Супраціў ня можа аб’явіцца раней таго, чаму ён будзе пакліканы супраціўляцца. Супраціў — гэта нэгатыўная рэакцыя на тое, што ўжо ёсьць, таму, што ёсьць. Пэўна, адсюль, із свайго паходжаньня з будучыні, палітычныя адэпты супраціву называюць сваіх апанэнтаў рэакцыянэрамі, гэта значыць тымі, хто замінае будучаму рэалізоўвацца ў сучасным, хаця па сутнасьці рэакцыянэрамі трэба было б называць „рэвалюцыянэраў”, адэптаў супраціву, паколькі менавіта яны прэзэнтуюць сабой нэгатыўную рэакцыю пострэальнасьці на наяўнасьць рэальнасьці.

Няма сумненьня, што тое, што ёсьць, само стварае, калі заўгодна — правакуе падзею супраціву самому сябе. Навошта? Адна з вэрсій: каб праз супраціў выявіць наяўнасьць і форму самога сябе ў сытуацыі прасоўваньня сябе ў будучае. Калі гэта так, то, у самым шырокім сэнсе, супраціў ня што іншае, як форма сустрэчы сучаснага з будучым.

Але гэта толькі адна вэрсія, да таго ж залішне адцягненая нават для нашай досыць адцягненай гаворкі.

Пакуль зразумела, здаецца, адно: супраціў па часе паходзіць з пострэальнасьці. Адсюль вынікае, што адносна рэальнасьці, супраціў, хоць і пакліканы рэальнасьцяй, ёсьць велічынёй ірэальнай, ён уяўляе сабой нешта падобнае да рэха рэальнасьці, сваеасаблівы скажоны водгук на ўжо прамоўлены гук.

Як гук ніколі ня ведае, якім і скуль ён вернецца рэхам, так і рэальнасьць ня ведае, у якіх формах супраціву адгукнецца на яе покліч пострэальнасьць.

Таму і ў гэтым сэнсе, у гэтым сэнсе непрадбачнасьці супраціў заўсёды ёсьць велічынёй ірэальнай.

Бадай, ірэальнасьць супраціву, што да рэальнасьці, зьвязана найперш з тым, што калі рэальнасць мае толькі адзін варыянт самой сябе, то пострэальнасьць, будучае віртуальна неабмежаванае, зрэшты, як і кажны ірэальны дыскурс.

Карацей, вэктарна супраціў у часе знаходзіцца наперадзе той падзеі, дзеля якой ён быў вымкнуты супраціўляцца. Зусім адваротнае мейсца займае супраціў у прасторы.

Вэктарна ў прасторы супраціў заўсёды займае мейсца ззаду таго, чаму ён быў вымкнуты супраціўляцца.Зьявіўшыся ў часе з будучыні, з пострэальнасьці і патрапіўшы ў рэальнасьць як прастору рэальнасьці ён становіцца не наперадзе-насупраць свайго супраціўніка, а яму за сьпіну. Чаму так атрымліваецца?

Рэч у тым, што супраціў заўсёды спазьняецца на сваё пакліканьне. Нейкая падзея выгукнула яго з будучыні і ён адгукнуўся на яе покліч, сьпяшаецца туды, а яе ўжо там няма, бо нішто ніколі не стаіць на мейсцы.

Каб патлумачыць гэта і сёе-тое іншае больш выразна, яшчэ раз згадаем апорыю Зянона „Ахіл і чарапаха”. Ахіл зьяўляецца з часу ў прастору пазьней за чарапаху, яна там ужо ёсьць і таму рухаецца наперадзе яго. Ахіл зьявіўся, каб дагнаць чарапаху, ён яе супраціў. Але Ахіл ніколі не дагоніць чарапаху, таму што з будучыні ён патрапляе не ў сучаснае рухомай чарапахі, а ў яе прамінулае, як часава, так і прасторава. І як бы Ахіл не вымагаўся, як бы не набліжаўся да чарапахі, ён ніколі не пераадолее нейкі апошні зазор між сабой і ёю, ён заўсёды будзе заставацца часавым і прасторавым прамінулым чарапахі. Уласна, Ахіл ня столькі даганяе чарапаху, колькі бяжыць навыперадкі сам з сабою, і будзе так бегчы, пакуль канчаткова не зьнясіліцца.

Гэтаксама і супраціў. Узьнікнуўшы, ён ніколі не пераадольвае зазор між сабой і тым, чаму ён вымкнуты супраціўляцца. Зьявіўшыся ў прасторы рэальнасьці, ён заўсёды супраціўляецца не таму, што яго выклікала, а нечаму іншаму, зрэшты, чаму заўгодна, толькі не таму, што абумовіла ягонае зьяўленьне. І найчасьцей гэтае іншае ён знаходзіць у самім сабе, у сваіх унутраных супярэчнасьцях. Пэўна адсюль, з гэтага, зь немагчымасьці супраціўленьня супраціву свайму супраціўніку і зьявілася вядомае палітычнае выслоўе, што „рэвалюцыя паглынае свае дзеці”, у якім азначэньне „свае дзеці” — гэта толькі мэлядраматычная гіпэрбала самой рэвалюцыі.

Рэвалюцыя (як і ўсялякая іншая форма супраціву) — гэта бег Ахіла навыперадкі з самім сабой. Бег да ўласнай зьнямогі.

Пакуль я не закранаў пытаньне, якое мусіла б стаяць наперадзе, калі б я пэўна ведаў на яго адказ, а менавіта: з чаго, чаму ўтвараецца фэномэн супраціву?

Усё цэлае, завершанае, поўнае ня мае патрэбы ў кантактах з будучым і таму яно ня можа ініцыяваць зьяўленьне супраціву. Відавочна, што супраціў паклікаецца з пострэальнасьці не паўнатой, а непаўнатой рэальнасьці.

Цяпершчына правакуе зьяўленьне супраціву з будучыні сваімі незапоўненымі мейсцамі, альбо мейсцамі дэфармаванымі, скажонымі, якія яна сама ня можа ні запоўніць, ні выправіць. Але ж зразумела, што непаўната выклікае ў будучыні не супраціў сабе, а неабходную ёй меру паўнаты. Чаму ж гэта пакліканая з пострэальнасьці мера паўнаты, патрапіўшы ў рэальнасьць, не займае сваё, раней нічым не запоўненае мейсца, а спрабуе стаць у супраціў таму, што яе паклікала?

Паўтаруся, у мяне няма пэўнага адказу на гэтае запытаньне, бо ў мяне іх некалькі, ад немудрагелістага сацыялягічнага, у якім фэномэн ператварэньня пакліканай з будучыні меры паўнаты ў супраціў тлумачыцца тым, што супраціў узьнікае ня там, дзе была паўната, а там, дзе непаўната была скажоная, дэфармаваная. Гэта значыць, што супраціў — гэта дзея ператварэньня дэфармаванай, скажонай паўнаты ў паўнату якасную, ідэальную.

Вонкава падаецца, што гэта дастаткова лягічная вэрсія, але, падобна, тут лёгіка выступае адно ў ролі прэзэнтатара аптымістычнай школьнай дыдактыкі.

Згадаю яшчэ адну вэрсію, якая ўжо трохі бліжэйшая да зададзеных парамэтраў гаворкі. Запатрабаваная сучаснасьцю неабходная мера паўнаты трапляе з будучыні не ў сучаснасьць, якая яе запатрабавала, а, посьледам за сучаснасьцю, у прамінулае, дзе тая сучаснасьць ужо апынулася, гэта значыць, патрапляе не на сваё мейсца, не туды, куды яна была пакліканая.

Дык вось, з гэтай вэрсіі вынікае, што супраціў — гэта паўната, якая не патрапіла на сваё мейсца, якая ня мае сабе мейсца, і каб здабыць яго, спрабуе выштурхнуць тую паўнату, што тут ужо была да яе. Адным словам, Ахіл спрабуе апярэдзіць чарапаху, каб займець яе мейсца, бо свайго, акрамя як сам у сабе, ня мае.

Гэтая досыць пакручастая вэрсія пакідае столькі прасторы для новых пытаньняў, колькі іх можна сфармуляваць, але ўласна для мяне яна ўсё ж такі сёе-тое і тлумачыць, прынамсі адну зь якасных характарыстык супраціву — ягоную агрэсыўнасьць. (Натуральна, панятак „агрэсія” тут фігуруе ня ў якасьці этычнай катэгорыі.)

Агрэсія — гэтая якасьць, якая ўзьнікае і фармуецца з адсутнасьці свайго мейсца, сваёй якасьці, сваёй формы. Агрэсія — гэтая інтэрвэнцыя пошуку мейсца сваёй прысутнасьці.

Усе формы супраціву, а іх, зразумела, безьліч у самых розных праекцыях быцьця, абумоўлены мерай энэргіі агрэсіі, гэта значыць мерай аддаленасьці ад свайго мейсца прысутнасьці.

Без асаблівай тут патрэбы, хіба толькі ў зьвязку з агрэсіяй, як аднэй з асноўных якасных характарыстык супраціву, я згадаю адну з найцікаўшых формаў супраціву, адносна нядаўна сфармуляваную ў постмадэрнавым дыскурсе, а менавіта — дэканструкцыю.

Верагодна, дэканструкцыя — гэта самая неагрэсыўная форма супраціву. І вось чаму. Супраціў як агрэсія ўзьнікае з таго, што пакліканая непаўнатой сучаснасьці мера паўнаты патрапляе ў прамінулае, дзе шукае сабе мейсца, але ня проста шукае, а шукае мейсца тоеснага мейсцу свайго паходжаньня, гэта значыць — будучыні. І таму звычайны супраціў рэканструюе ў мінулым рэальнае як будучае, — адпаведна вобразу будучага.

Інакш дэканструкцыя. Дэканструкцыя — гэта канструяваньне рэальнасьці ня праз будучае, а празь мінулае. Адсюль вынікае, што ў гэтай формы супраціву ня так войстра стаіць праблема стасункаў зь мінулым, дзе, уласна, прасторава і рэалізуецца супраціў як фэномэн неадпаведнасьці нейкай часткі паўнаты быцьця свайму мейсцу.

І апошняе, пра што хацелася б сказаць колькі словаў. Мяне вельмі цікавіць тое мейсца, дзе Ахіл амаль нагнаў чарапаху, дзе яны рухаюцца, лічы, упоравень, але і дзе Ахіл ужо канчаткова зразумеў, што як бы ён ні ўпінаўся, ён ніколі не пераадолее чарапаху. Інакш кажучы, мяне вельмі цікавіць тое мейсца, дзе энэргія агрэсіі супраціву зьнясільваецца ў найбліжэйшым зазоры ад таго, чаму ён супраціўляецца і дзе супраціў з сваім супраціўнікам апынаюцца ў стане нейкай раўнавагі. Гэтае мейсца і гэты стан не бяз пэўнай меры выкліку нашай наскрозь запалітызаванай сытуацыі я паспрабую пазначыць словам з палітычнай тэрміналёгіі, а менавіта словам канфармізм.

Канфармізм — гэта зьнясілены супраціў, гэта супраціў, які ўсьвядоміў немагчымасьць сваёй перамогі.

У сытуацыі канфармізму супраціў нікуды не зьнікае, ён толькі пераходзіць у лятэнтны, утоены стан. Гэта ў аднэй праекцыі. А ў другой, праз сваю максымальную блізіню да супраціўніка ў стане зьняможанасьці агрэсіі і маўклівага дэкляраваньня зьмірэньня зь лёсам пераможанага, супраціў як бы атрымлівае магчымасьць легалізацыі сябе як супраціву ў якасьці несупраціву…

І, магчыма, сытуацыя канфармізму — гэта тое адзінае мейсца, дзе супраціў і тое, чаму ён супраціўляецца, напоўніцу выяўляюць сваю сапраўдную сутнасьць.

Ахіл прайграў чарапасе яшчэ да таго, як кінуўся навыперадкі.

Але каб зразумець гэта, яму трэба было яе дагнаць. Амаль дагнаць…

1112 Всего просмотров 1 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Просмотров: 6

Комментарии:



Оставить комментарий

Return to Top ▲Return to Top ▲