17 верасня – дзень нараджэння Максіма Танка

Максим Танк

17 верасня 1912 года нарадзіўся народны паэт Беларусі Яўген Скурко, больш вядомы як Максім Танк. У гонар гэтага свята мы прапануем азнаёміцца з адноўленым матэрыялам пра яго на нашым сайце, а таксама прачытаць некалькі запісаў з яго дзённікаў:

 

Запісы

29.12.1965. Сёлета з падпіскай на «Полымя» крыху лепш і перавалілі за шэсць тысяч. Усё роўна, для нашай рэспублікі — тыраж мізэрны. Усе нашы кіраўнікі тлумачаць гэта рознымі прычынамі, хоць ведаюць, што галоўнае — у катастрафічным скарачэнні беларускіх школ і ў ненармальным становішчы з беларускай мовай у рэспубліцы.

21.02.1975. Зноў і сёння завязалася з У.Караткевічам па тэлефоне працяглая бяседа. Цікавы і самабытны пісьменнік. Толькі любіць парысавацца. Катэгарычны ў сваіх прысудах. Каго любіць — хваліць без меры, каго ненавідзіць — чарніць і бэсціць.

4.04.1975. Вечарамі ў нас гараць усе электрычныя лямпкі, нат у закутках, дзе нікога няма. Мы з Любашай, не прывычныя да такога марнатраўства, ходзім за сваімі дамачадцамі ды гасім гэту нікому не патрэбную ілюмінацыю. I так — з вадой, з ядой. Не прывучылі мы дзяцей да ашчаднасці. Яны думаюць, што ўсё жыццё — «dolce vita».

29.05.1975. Сустрэў на калідоры нашага кампазітара Вагнера. Цікавы чалавек і субяседнік. Адчуваецца, што шмат чытае, ведае нашу беларускую літаратуру, чым рэдка хто з кампазітараў можа пахваліцца.

21.09.1975. Нядзеля. Памёр Міхась Ціханавіч Лынькоў. Гэта смерць усіх нас асіраціла. Трэба званіць Кандрату, Пімену, Петрусю… I не магу…

7.12.1975. Заходзіў учора да нас Ражко. Крыўдзіцца на ўсіх, што не друкуюць яго ўспамінаў. Расказваў ён Любашы пра нейкага Іваноўскага, які нясе несусветную лухту пра майго бацьку, якога, быццам, ён расстраляў. А Ражко яму і паверыў. Ёсць жа людзі, якім так і карціць некага ачарніць. Колькі пра мяне ходзіць чутак, што я горкі п’яніца, што на дачы нас абслугоўвае некалькі павароў і афіцыянтак. Нат Любаша, капаючыся ў агародзе, чула, як нейкія курортнікі гаварылі: «Бачыце, нат у выхадны дзень домработніцы не даюць адпачыць». А колькі розных расказваюць небыліц пра Купалу, Коласа, Крапіву. Ды амаль пра ўсіх пісьменнікаў, мастакоў… Галоўнае, калі пачынаеш пярэчыць гэтаму, — не вераць: «Ну, гэта вы заступаецеся за свайго брата. Мы лепш ведаем». I хоць працэнт п’яніц сярод прадстаўнікоў іншых прафесій — старшынь калгасаў, сельсаветаў і розных чыноўнікаў, якія без паўлітра не паставяць нават пячаткі, значна большы, слава ідзе пра пісьменнікаў: п’яніцы, гулякі, распутнікі.

31.12.1975. Гартаю замежныя ілюстраваныя журналы, якія ўсё больш адводзяць месца рэкламе сэксу. Відаць, ён хутка ахопіць і наша мастацтва, кіно, літаратуру, і на навагоднія ёлкі будзем вешаць другія цацкі. Бо як жа нам адставаць ад Еўропы? I тут не паможа ніякая цэнзура. Ацверазіць можа толькі яўны абсурд, да чаго мы не раз даходзілі і ў палітыцы, і ў іншых жыццёвых справах.

19.04.1985. Сёння — Вялікдзень. Калісьці ў гэты дзень у Пількаўшчыне збіралася ўся наша сям’я — сям’я хлебаробаў. Трэба было б пад’ехаць і пакланіцца іх магілам.

Як ва ўсім мы спазняемся! Часта вядзем спрэчкі аб сучаснасці, якая даўно ўжо стала мінуўшчынай. Каштоўнейшай рысай нашай паэзіі з’яўляецца заземленасць, заглыбленасць у людскія справы. А бяда, што не навучыліся пісаць коратка, усе захапляемся шматслоўем. Яшчэ Гётэ пісаў: «Я, магчыма, быў бы вялікім паэтам, калі б мой язык не аказаўся такім нястрымным…»

7.05.1985. Стомлены вярнуўся з урачыстага вечара. Стомлены і фізічна, і маральна. Як арганізатары канцэрта маглі не ўключыць у сваю праграму ніводнай беларускай песні, ніводнага верша?

27.05.1985. Пачалася кампанія супраць п’янства, у поспех якой вераць хіба толькі нашы кіраўнікі. Рэдактары і галоўліт — згубіўшы ўсякае пачуццё рэальнасці — пачалі выкідаць з усіх твораў сучасных і нат класічных усё, што напамінае аб спрадвечным чартоўскім зеллі. Вось і пішы праўду!

Запісы з дзённіка паэта узяты з сайта “Нашай Нівы”

2981 Всего просмотров 3 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Просмотров: 41


Return to Top ▲Return to Top ▲ 17 верасня - дзень нараджэння Максіма Танка Return to Top ▲Return to Top ▲