Ня дайце марсіянам захапіць Беларусь

Алесь Аркуш

У №75 часопіса “Дзеяслоў” была надрукавана першая частка новага рамана беларускага пісьменьніка Алеся Аркуша – “Захоп Беларусі марсіянамі”. Дзея твора адбываецца ў двух часавых паралелях – 20-я гады XX стагодзьдзя й сучаснасьці. А яго галоўнымі героямі сталі вядомы беларускі паэт Алесь Дудар і сучасны беларускі пісьменьнік Васіль Кроква.

Да таго як раман зьявіцца на паліцах кнігарняў мы вырашылі спытаць у аўтара: хто ж такія гэтыя марсіяне, якія захапілі Беларусь, якую ролю ў творы адыгрывае Полацак і навошта ў рамане дзьве сюжэтныя лініі?

 

– Алесь, першае, што зьвяртае на сябе ўвагу – гэта назва твора. “Захоп марсіянамі Беларусі” – гэта толькі мэтафара, ці пад вокладкай чытача сапраўды чакае фантастычны раман?

– Увогуле я чалавек прымхлівы і містычны. Веру ў розныя знакі, нумэралёгію, сны. Не сказаць, што я гэтым моцна пераймаюся, але сачу, бяру да ўвагі. Адносна назвы рамана. Той, першы сон, які апісаны ў творы, насамрэч праўдзівы. Ён сапраўды мне прысьніўся. У тым сьне Ластоўскі прапанаваў напісаць мне раман з такой назвай. Я доўга думаў: што гэта можа быць за твор? Нейкая фантастычная рэч?  Містычны трылер? У той самы час мой сябар, пісьменьнік Вінцэсь Мудроў, – а я як раз завяршыў раман “Мясцовы час” і думаў над сюжэтам наступнай кнігі, – параіў напісаць пра Алеся Дудара, які ў 1925 годзе стварыў філію “Маладняка” ў Полацку. А чаму і не, падумаў я, і вырашыў, што раман будзе і пра марсіянаў, і пра Дудара. Такім чынам, атрымліваецца, што я прыняў адразу дзьве прапановы – і Вацлава Ластоўскага, і Вінцэся Мудрова. Ня так проста было гэты матэрыял аб’яднаць у адзін твор. Каб да канца зразумець, пра што гэты раман, трэба прачытаць яго ад кропкі да кропкі.

– Дык хто ж такія гэтыя марсіяне? Сапраўдныя іншаплянэтнікі?

– “Марсіяне” мной задумваліся як сымбаль чужынца – агрэсіўнага, ваяўнічага, які не ідзе ні на якія кампрамісы і ў якога, калі ён трапляе ў чужое асяродзьдзе, заўжды ў галаве віруе думка: або я іх, або яны мяне. Пісьменьнік Віталь Воранаў, калі ўпершыню пачуў назву рамана, адразу заўважыў сугучнасьць словаў “марсіяне – расіяне”. Для мяне самога гэта было нечакана. Бо наўмысна нічога такога не задумвалася. Мне й спадабалася прапанова Ластоўскага як раз таму, што марсіяне – гэта нейкія істоты зусім ня з нашага сьвету. Таму, паўтаруся, для мяне “марсіяне” – гэта ўнівэрсальны сымбаль ваяўнічага чужынца.

– Дзея рамана з самага пачатку падзяляецца на дзьве сюжэтныя лініі. Адна прысьвечана рэпрэсаванаму ў 30-я гады беларускаму паэту Алесю Дудару, другая – сучаснаму беларускаму пісьменьніку Васілю Крокве. Гэтыя лініі раўназначныя паміж сабой, ці адна проста дапаўняе іншую?

– На пачатку працы над раманам, калі Вінцэсь Мудроў прачытаў першы разьдзел твора, ён раіў пакінуць толькі сюжэтную лінію пра Алеся Дудара. Але калі я дапісаў раман, то пагадзіўся, што без другой сюжэтнай лініі твор бы не атрымаўся. У прынцыпе, абедзьве сюжэтныя лініі раўназначныя і апавядаюць пра адно і тое ж (прынамсі, пра тыя ж праблемы), толькі ў разбежцы недзе 75 гадоў.

– Ужо ў першай частцы, якая надрукавана ў “Дзеяслове”, можна заўважыць вялікую розніцу паміж двума сюжэтнымі лініямі. Частка Алеся Дудара больш дынамічная, у ёй адбываецца больш падзей. А вось частка Васіля Кроквы наадварот, павольная, з фантастычнымі элемэнтамі. Такі падзел быў зроблены наўмысна?

– Сюжэтная лінія Кроквы больш павольная таму, што ў ёй скарыстаныя чыста дакумэнтальныя тэксты. Гэта рэальныя журналісцкія матэрыялы, якія малююць рэальнае жыцьцё Полацка недзе на пачатку ХХІ стагодзьдзя. Хаця, па шчырасьці, я б не сказаў, што сюжэтная лінія Дудара атрымалася галоўнай. Усё ж галоўная фінальная падзея адбылася з Кроквам.

– Якімі гістарычнымі крыніцамі вы карысталіся, каб раскрыць асобу Алеся Дудара? І чаму быў абраны менавіта гэты гістарычны пэрсанаж?

– Карыстаўся кнігай Уладзіміра Міхнюка “Арыштаваць у высылцы” і матэрыяламі гэпэушнай справы на рускага паэта Аляксандра Сімакова, які жыў у Полацку ў другой палове 20-х гадоў і першым у Беларусі быў рэпрэсаваны за вершы. А таксама іншымі архіўнымі матэрыяламі таго часу, якія мне перадалі полацкія краязнаўцы. Каб неяк арыентавацца ў тым часе, таксама карыстаўся матэрыяламі вядомага полацкага краязнаўца сярэдзіны ХХ стагоддзя Івана Дэйніса. Перадусім яго кнігай “Полацкая даўніна”, якую выдаў полацкі краязнаўца Міхась Баўтовіч.

– Акрамя двух галоўных герояў у рамане ёсьць і трэці – Вацлаў Ластоўскі. Менавіта зь яго словаў і вынікае, што марсіяне захапілі Беларусь. Якое месца займае вобраз Ластоўскага ў сюжэтная лініі абодвух герояў?

– Вацлаў Ластоўскі – гэта культавая асоба для Полацка. Менавіта ён у сваёй першай кнізе па гісторыі Беларусі адзначыў, што выток дзяржаўнасьці нашай Бацькаўшчыны – у Полацкім княстве. Ягоная аповесьць “Лябірынты” прысутнічае ва ўсіх пяцёх частках маіх “Маріянаў”, няхай сабе “за кадрам”, але дасьведчаны чалавек адразу зразумее алюзіі і сэнсавыя спасылкі.

Што датычыць Дудара, дык яны былі з Ластоўскім і з розных пакаленьняў, і з розных ідэалягічных групаў. Для камсамольца Дудара Ластоўскі быў досыць чужым чалавекам. Але калі паўставалі агульнанацыянальныя праблемы, дык, як паказвае гісторыя, яны выступалі адзіным фронтам. Напрыклад, ліст у абарону беларускага нацыянальнага тэатра яны падпісалі разам.

– Значнае месца ў творы займае і сам горад Полацак. Але Полацак Алеся Дудара і Полацак Васіля Кроквы зусім розны. Адзін шукае ў ім літаратурныя таленты, іншы – намагаецца разгадаць гістарычныя тайны горада. І самае цікавае – абодва не нарадзіліся ў Полацку, а прыехалі ў яго пазьней. Чаму ж менавіта гэты горад быў абраны месцам дзеяньня, і чаму ён такі розны для двух герояў?

– Дудар апынуўся ў Полацку выпадкова, яго туды накіраваў “Маладняк”. І пражыў там блізу паўгода. Было яму ў Полацку нялёгка. Як ён пісаў у лістах у ЦК “Маладняка”, мусіў увесь час змагацца з “русацяпамі”. А гэта быў усяго толькі “жаўтароты” дваццацігадовы хлопец. Але менавіта ён заклаў падваліны працэсу беларусізацыі старой крыўскай сталіцы. Зь іншага боку, сам горад вельмі моцна паўплываў на Дудара ў сэнсе набрыняньня нацыянальнай свядомасьцю. Дудар сам прызнаў гэта на допытах у ГПУ. У Полацку ён пісаў вершы пра Скарыну, Каліноўскага, пра гісторыю старажытнага места. Гэтыя вершы затым будуць кваліфікавацца белапаўскімі “крытыкамі” як нацыянал-буржуазныя і контррэвалюцыйныя. Таксама ў Полацку ён напісаў некалькі крамольных вершаў, якія затым фігуравалі ў ягонай гэпэушнай справе.

Кроква сьведама прыехаў у Полацак і лічыў, што менавіта тут ён зможа рэалізавацца як пісьменьнік. У Полацку ён ня толькі шукае натхненьня і сюжэтаў для сваіх твораў, але й разгадвае розныя гістарычныя загадкі, вяртае забытыя полацкія імёны.

– Алесь Дудар – рэальны гістарычны персанаж, расстраляны ў 30-я гады па сфабрыкаванай справе. Васіль Кроква – пэрсанаж мастацкі, але калі яго ацэньваць, то на каго зь беларускіх пісьменьнікаў ён падобны? І ці не зьяўляецца яго вобраз у нейкім сэнсе аўтабіяграфічным?

– На самой справе Васіль Кроква – абсалютна рэальная асоба. Гэта я. Васіль Кроква – адзін з маіх журналісцкіх псэўданімаў, якім я пачаў карыстацца ў часы ранняй, яшчэ Дубавецкай “Нашай Нівы”. Гэтае імя зафіксавана за мной у слоўніку псэўданімаў Янкі Саламевіча. Усе мае раманы аўтабіяграфічныя. Але калі першыя два, “Палімпсэст” і “Мясцовы час”, цалкам аўтабіяграфічныя, дык “Захоп Беларусі марсіянамі” толькі часткова. У гэтым творы я таксама прытрымліваюся свайго творчага мэтаду – спалучаць дакумэнтальныя і мастацкія тэксты. Дакумэнтальныя тэксты (у тым ліку эпісталярныя матэрыялы) дакладна фіксуюць час, выдатна выступаюць у якасьці “дэкарацыяў”, на тле якіх і адбываюцца падзеі твора. Вось і ў “Марсіянах” я скарыстаў адзін рэальны ліст Дудара, а таксама рэальныя журналісцкія тэксты Кроквы. Перадусім, гэта матэрыялы, якія рабіліся для віленскага беларускага радыё  “Балтыйскія хвалі”.

– У сюжэтнай лініі Алеся Дудара малады паэт разважае, што беларускія гарады ўжо пазбыліся роднай мовы, якая засталася жыць толькі ў вёсках. З тых часоў прайшло больш за 80 гадоў, а сітуацыя толькі пагоршылася. На беларускай мове зараз не размаўляюць нават у вёсках. Якое месца наогул будзе займаць моўная праблема ў вашым рамане, асабліва ў сучаснай сюжэтнай лініі?

– У прынцыпе, раман і апавядае пра тое, чаму ў Беларусі ўзьнікла моўная праблема. Таму гэты твор досыць гермэтычны і беларускацэнтрычны. Наўрад ці ён будзе цалкам зразумелы шараговаму чытачу ў Беларусі, тым больш замежнаму. Але мусім мець і такія творы.

– 7 сьнежня Сьвятлана Алексіевіч атрымала першую ў гісторыі сучаснай Беларусі Нобэлеўскую прэмію. І вельмі сымбалічна, што атрымала яе не за нейкія навуковыя дасягненьні, а за літаратурныя творы. А вось ваш пэрсанаж Васіль Кроква піша раманы “скіраваныя выключна на беларускую аўдыторыю”. Дык у чым сапраўды розніца паміж сусьветнай літаратурай, і такой “выключна скіраванай”? І ці ёсьць шанец у апошняй калі-небудзь атрымаць Нобэлеўскую прэмію?

– Напэўна, ёсьць такі падзел – калі твор скіраваны выключна на аўдыторыю тваёй краіны, і абсалютна не зразумелы і не цікавы замежнікам; і творы ўнівэрсальныя, пра агульначалавечыя праблемы і каштоўнасьці. Мне здаецца, нам не хапае першых. Бо мы яшчэ не прамовілі і не асэнсавалі – хто мы ёсьць, што з намі адбылося, куды павінны рухацца, на што арыентавацца, пра што марыць. Бо бяз гэтага беларусаў канчаткова размые і ніякія памежныя слупы нас не ўратуюць. Таму ўжо думаю пра новы раман. Будзе ён таксама гермэтычны і беларусацэнтрычны.

– У сваёй лекцыі, пасля атрымання Нобэля, Сьвятлана Алексіевіч шмат разважала пра жахі вайны і пра рускага чалавека. Але, як ужо многія адзначылі, вельмі мала сказала пра Беларусь. Дык ці можна яе насамрэч лічыць беларускай пісьменьніцай? І ці можна казаць пра зьяўленне такога тэрміна, як сусьветны пісьменьнік?

– Гісторыя са Сьвятланай Алексіевіч, калі яна ў сваёй Нобэлеўскай прамове адназначна заявіла, што паходзіць зь “вялікай рускай літаратуры”,  яшчэ раз пераканаўча засьведчыла, што сучасная беларуская літаратура – гэта творы, напісаныя на беларускай мове. Іншая справа, улічваючы праблемы станаўленьня нашай краіны, беларуская літаратура мае корпус польскамоўных (і лацінскамоўных) твораў: гэта творы, напісаныя да ХХ стагодзьдзя. Напрыклад, Ян Баршчэўскі, філяматы-філярэты і г.д., і корпус тэкстаў рускамоўных, якія нам дасталіся ў спадчыну з таго часу, калі Беларусь уваходзіла ў склад СССР. Тут можна згадаць такія імёны, як Алесь Адамовіч, Кастусь Тарасаў, Веньямін Блажэнны  і г.д. У гэтым сьпісе знаходзіцца і Сьвятлана Алексіевіч.

6201 Всего просмотров 2 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Просмотров: 150

Комментарии:


Return to Top ▲Return to Top ▲ Інтэрвью з Алесем Аркушам