10 мая — день рождения Янки Мавра


Янка Мавр

Сегодня день рождения отца белорусской детской литературы — Янки Мавра. В основном он известен читателям благодаря своему произведению «Палесскія рабінзоны». Сегодня, в честь дня рождения писателя, мы предлагаем Вам познакомиться с его небольшим рассказом — «Шчасце».

 

Шчасце

Быў адзін з тых летніх дзён, якія бываюць, мусіць, толькі на Беларусь Сонца пячэ як мага, а гарачыні няма: лішак яе паглынаюць і рака, і зараснікі аеру ды чароту, і густыя паплавы, і непралазны алешнік ды лазняк, і бярозы, і хвоі, і ўсялякая зеляніна, што жыве навакол, дыхае, шамаціць і запаўняе не толькі прыроду, але і душу чалавека. Не відаць людзей, не чуваць, але гоману досыць і без іх: адны конікі сваім цырканнем могуць заглушыць усіх людзей, а тут яшчэ кукуюць жаўтабрухія жабы, заліваюцца мітуслівыя птушкі ды гудуць мясістыя чмялі.

Усім радасна ў такі дзень. Радасна і мне. Радасна і вунь таму хлапчуку год васьмі, што спускаецца з гары, падскакваючы на адной назе ды махаючы белым дубцом.

Мы сустракаемся з ім на мосце. Ён прыпыняецца і глядзіць на мяне так, нібы хоча нешта сказаць. Радасць, шчасце так і пырскаюць з яго блакітных вачэй. Я разумею яго. Калі і я гатоў усіх абняць у гэты жыватворны дзень, што ж павінна адбывацца ў яго маленькім чыстым сэрцы? Я лагодна ўсміхаюся яму, ківаю галавой і кажу:

— Добра жыць на свеце, браток, га?

Тварык хлопчыка засвяціўся яшчэ больш, але ён нічога не сказаў. Ды і што ён мог сказаць? Мы і без слоў разумелі адзін аднаго.

Я паціху ішоў міма, а хлопчык, нібы той сланечнік, паварочваў следам за мной свой круглы тварык. I з выразу вачэй яго таксама пырскала шчасце, і таксама здавалася, што ён вось-вось нешта скажа. Скажа, што надта прыемна ў такі дзень басанож скакаць па мосце ды махаць свежым дубцом, што ў грудзях яго цяпер вельмі цесна і адтуль нешта выпірае, што ўвесь свет вельмі прыгожы, што дзядзька, якога ён сустрэў на мосце, таксама прыгожы і добры, да і наогул усе дзядзькі і цёткі прыгожыя і добрыя… Ён нічога не казаў толькі таму, што не ўмеў выказаць такіх думак і пачуццяў. Ды яно і не трэба было — я і так усё разумеў. Хіба я сам калісьці не быў такім, як ён? Хіба я сам не адчуваў радасці жыцця? Асабліва ў такі цудоўны дзень.

Я яго разумеў. Але ён, відаць, гэтага не ведаў, бо ўсё глядзеў мне ў вочы, нібы чагосьці чакаючы ад мяне. Ён заліваў мяне сваім шчасцем, а я ў адказ нічога не мог яму даць. Для яго маёй шчырай і ветлівай усмешкі было мала. Мне трэба яму нешта сказаць. Але што? Што яму сказаць, каб перадаць усю тую цеплыню, якую я ад яго адчуваю? А мне засталося ступіць толькі адзін крок — і мы размінёмся.

Размінёмся, можа, навекі.

— Як цябе зваць? — сказаў я нарэшце, каб толькі не маўчаць.

Сказаў — і зараз жа пачырванеў ад сораму: хлопчык нічога мне не адказаў. Сваім дзіцячым інстынктам ён, відаць, зразумеў, што словы гэтыя сказаны так сабе, абы сказаць. Мала таго: твар яго перастаў свяціцца, нават неяк балюча скрывіўся. А потым… потым з грудзей яго вырваўся крык!..
Не адзін год прайшоў з таго часу, а голас хлопчыка і цяпер гучыць у маіх вушах.

Гэта быў шчыры, мімавольны крык дзіцячай душы. У ім былі і крыўда, і расчараванне, і надзея, і горкі папрок да нас, дарослых і разумных людзей.
Два словы толькі было ў гэтым крыку: — Дзядзька! Шапка!..

Але гэтага было досыць, каб зразумець, хоць і са спазненнем, усю тую трагедыю, якая адбылася тут, на мосце, у гэты радасны летні дзень.

У хлопчыка на галаве была новая шапка, якую ён надзеў, відаць, першы раз. Добрая шапка, шэрая, каляная. Яна ахапіла не толькі галаву хлопчыка, але ўсё цела і душу. Гэта ж праз яе сёння такі цудоўны дзень, а я гэтага не ведаў. I сонца так шчодра свеціць толькі дзеля таго, каб усе здалёк маглі бачыць шапку, а я не заўважыў яе і зблізку. Адзін усяго толькі крок заставалася зрабіць — і ўся сустрэча пайшла б прахам. Ці магла чулая дзіцячая душа сцярпець такую несправядлівасць, такое халоднае бяздушша? I яна не сцярпела…

Я адчуў сябе вельмі вінаватым і кінуўся выпраўляць сваю віну.

— Ах, якая цудоўная ў цябе шапка! — крыкнуў я.    Пакажы, пакажы!

Вочы хлопчыка зноў засвяціліся радасцю.

Я зняў з яго галавы шапку. Яна сапраўды хрусцела, як бляшаная.

Хлопчык глядзеў на мяне ўдзячнымі вачыма, бы на свайго збаўцу.

— Які казырок! I шнурок! I гузікі два! — стараўся я.— А падкладка якая цудоўная! Хто купіў?

— Мамка! — з гордасцю адказаў хлопчык. Несправядлівасць была выпраўлена.

I мы абодва, зноў шчаслівыя, разышліся кожны сваім шляхам.

943 Всего просмотров 1 Просмотров сегодня

Поделиться ссылкой:

Похожие записи:

Комментарии:



Оставить комментарий

Return to Top ▲Return to Top ▲